25.09.2025

Асенняе прызнанне

Верш напісаны ў 2005 годзе (гэта быў ліст, але цяпер, калі мінула столькі часу, я маю маральнае права перавесці яго з разраду асабістай перапіскі ў разрад літаратурных здабыткаў, тым больш — не называючы адрасата), пасля забыты, праз дваццаць гадоў прыгаданы і адноўлены па памяці — хутчэй за ўсё, з пэўнымі адступленнямі ад першапачатковага варыянту.

Учора я пісаў табе пра восень,
І быў я рады прахалодзе дня.
А можа, мне пра восень падалося,
Бо сёння штосьці зноў гарачыня.

Забыты жнівень. Верасень сыходзіць,
Я паліто сабраўся апранаць,
Ды раптам захацелася прыродзе
Нам падарыць ізноў плюс 25.

Я напісаў табе, што халадае,
А сёння сонца зноў пячэ зямлю,
І лета зноў, а восень... Восень тая
Забылася, што я яе люблю.
Яе — люблю, цябе — ...

© Сяргей Абрамовіч, 2025