Показаны сообщения с ярлыком крытыка. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком крытыка. Показать все сообщения

25.07.2025

Жанр замалёўкі ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы

Я часта пішу ў ім (прыклады: «Пераблытаў халтуршчыка з падхалімам», «Эстэтычнае пачуццё без мацюкоў не перадаць», «Да Бога на перакур») і на старонках блога пазначаю гэтыя тэксты адпаведным тэгам. На жаль, мой зварот да замалёвак абумоўлены ў першую чаргу неспрыяльнымі абставінамі: гэта кароткія творы, а паколькі я працую журналістам-газетчыкам, то пісаць для сябе (праз уласную творчую патрэбу, а не дзеля службовай неабходнасці) атрымліваецца толькі похапкам паміж казённымі (грамадска-палітычна-эканамічна-юрыдычна-канцылярска-дзелавымі) і пагарджанымі мяшчанскімі, гаспадарча-побытавымі тэкстамі, або ўвечары, калі мозг дасягнуў сутачнага ліміту тэкстатворчасці і хоча адпачынку ці любой іншай, акрамя пісання, дзейнасці. Часам нават адольвае адчуванне трагізму: раблю не тое, чаго хачу, марную свой патэнцыял дзеля сціплага рэпарцёрскага кавалка хлеба і вырвацца з гэтага зачараванага кола не бачу магчымасці.

25.06.2025

Прынада для непатрабавальнага чытача і серадняцкая проза

Быў у сталіцы — наведаў кнігарню. Меў настрой узяць што-небудзь мастацкае і публіцыстычнае ці пазнавальнае.

04.03.2025

Спадзяваўся на шоўк, атрымаў наждачку


Купіў я тры кніжкі, дзве з якіх выбраў свядома, а трэцюю — зборнік прозы Міколы Адама «Шоўк» (364 старонкі: тры аповесці і раман) — узяў з цікаўнасці і таму, што каштавала яна зусім смешна: 3 р. 63 к. Мабыць, дэмакратычнасць цэнніка абумоўлена заляжаласцю тавару: выданне пабачыла свет аж у 2013 годзе.

05.10.2024

Пісьменнік, зразумела, не акуліст, але ж і чытач не дурань

Тры кнігі

Атрымаўшы доўгачаканы працоўны адпачынак, я з'ездзіў у вялікі горад, дзе, акрамя ўсяго іншага, наведаў кніжную краму (у маім гарадку іх няма). Купіў тры кнігі — каб на працягу шчаслівага месяца разбавіць свой вольны час чытаннем. На жаль, адзін з набыткаў аказаўся марным — шкадую, што выдаткаваўся на яго. Раман Зінаіды Дудзюк (нар. у 1950 г.) «Слодыч і атрута» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2013).

22.05.2024

Паэзія правапарушэння

Калісьці прачытаў бы і забыў, ні за якую крамолу вока не зачапілася б: верш як верш, лірыка, шчыра, выразна і пераканаўча выказаныя думкі і пачуцці аўтара, шмат хто з чытачоў убачыць у іх адлюстраванне ў тым ліку і свайго ўнутранага свету — свайго душэўнага стану і поглядаў на той ці іншы аспект рэчаіснасці. Цяпер жа, у маніякальна чыстаплюйскую, стэрыльна паліткарэктную і паталагічна абазнаную эпоху, калі кожная малапісьменная нікчэмнасць упэўнена казырае законам увогуле і сваімі правамі ў прыватнасці і калі ў кожным адрасаваным публіцы слове хто-небудзь з гэтай публікі абавязкова ўбачыць мову варожасці, аб'ектывацыю, сэксізм, знявагу рэлігійнага пачуцця, парушэнне правоў жывёлы і яшчэ чорт ведае на якую святыню замах, чытаеш і спатыкаешся, зноў і зноў адзначаючы, што калі б сучасны аўтар меў неабачліваць або рызыкнуў стварыць такі вобраз, ужыць такі мастацкі прыём, выказаць такую ідэю і г.д., то ў інтэрнэце на яго вывалілі б тону гною, а ў рэальным жыцці нацкавалі б якіх-небудзь праваабаронцаў, а то і праваахоўнікаў паспрабавалі б уцягнуць у свой шабас.

27.02.2024

Пісьменнік павінен быць добра пісьменным

Аналізуючы творы мастацкай літаратуры, я часта прыцягваю на дапамогу крытыцы лінгвістыку: катастрафічная сітуацыя з колькасцю памылак у тэксце (блудлівая арфаграфія, кульгавая граматыка, звар'яцелая пунктуацыя) зніжае ў маіх вачах вартасць твора, а блізкая да ідэальнай (памылак мала ці ўвогуле няма), вядома ж, павышае (гл., напрыклад, мае артыкулы «Салдаты ў генеральскіх мундзірах», «Расчараваны дзвюма Маргарытамі», «Кніжка для школьнікаў, якой не месца ў школе»). Пры гэтым канстатацыя лінгвістычнай каструбаватасці тэксту выстаўляе аўтара твора ў непрывабным святле і здольная ўвярэдзіць яго самалюбства, але хіба не сам ён вінаваты?

20.02.2024

Кніжка для школьнікаў, якой не месца ў школе

Вядома ж, недарэчна пісаць пра кнігу, якая прыйшла да чытачоў аж 10 гадоў таму (нават калі ты, як аўтар гэтых радкоў, пазнаёміўся з ёй толькі цяпер), ды яшчэ і належыць пяру чалавека, які амаль 5 гадоў таму скончыў свой жыццёвы шлях. Але нельга і пакідаць без увагі такі недапушчальны факт, як прысутнасць у творы для дзяцей вельмі недалікатных эпізодаў, звязаных з палавым жыццём чалавека і гвалтоўнымі дзеяннямі ў гэтай сферы. Немагчыма закрыць вочы і на тое, што тэкст, рэкамендаваны да вывучэння ў школе, напісаны з вялікай колькасцю моўных памылак. Ёсць падставы меркаваць, што вышэйзгаданыя шкодныя з'явы засталіся без увагі грамадскасці, іначай кніга не праляжала б да сённяшняга дня ў кнігарні, у якой была куплена аўтарам гэтых радкоў, а даўно была б знятая з продажу.

* * *

Вокладка кнігі

Леанід Дайнека. «Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Фантастычны раман». Мінск, «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2014. Выданне пабачыла свет у серыі «Кніжная паліца школьніка», на адваротным баку тытульнага ліста змешчана пазнака «Для сярэдняга школьнага ўзросту», а ў анатацыі ўзрост мэтавай аўдыторыі канкрэтызуецца: «Твор рэкамендаваны для пазакласнага чытання па беларускай літаратуры вучням 7-га класа».

14.09.2022

Расчараваны дзвюма Маргарытамі

Памятаеце маіх «Салдатаў у генеральскіх мундзірах»? Счакаўшы тры гады, на мінулым тыдні я зрабіў чарговую спробу знайсці што-небудзь вартае ў сучасных аўтараў. Гэтым разам — у моладзі, але не зялёнай, а той, што трывала стаіць на нагах — лічыцца ў шэрагах Саюза пісьменнікаў і мае ў творчым багажы не адну кнігу. Набыў два зборнікі прозы: выдадзены ў 2018-м 350-старонкавы «Наш дом» Маргарыты Латышкевіч (1989 г.н.) і надрукаваны ў 2014-м «Восень у Вільнюсе» (318 старонак) Маргарыты Прохар (год нараджэння высветліць не ўдалося, але, мяркуючы па фотаздымках у інтэрнэце і па тым факце, што ўпершыню я пачуў пра яе праз некалькі гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта, пісьменніца, можна сказаць, у росквіце сіл). Выданні, на жаль, не самыя свежыя, але я шукаў аб'ёмістых, тоўстых, каб усмак начытацца ды надумацца над прачытаным, і нічога больш адпаведнага сваім запытам на паліцах райцэнтраўскай кнігарні не знайшоў.

05.06.2019

Салдаты ў генеральскіх мундзірах

(Водгук на тры кнігі трох сучасных беларускіх пісьменнікаў)

Тры кнігі

Трапілі мне ў рукі адразу тры кнігі, выдадзеныя з 2012 па 2014 год у серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі». Невялікага фармату (13 на 17 см), з колькасцю старонак ад 320 да 448, тыражом па 1000 экзэмпляраў кожная, адна на беларускай мове і дзве на рускай. Айчынных аўтараў я не купляў ужо з паўтара дзясятка гадоў (за выключэннем рэдкіх, адзінкавых выпадкаў), таму што надакучыла зноў і зноў адчуваць сябе падманутым, штораз атрымліваючы стопрацэнтную халтуру, у тым ліку і ад тытулаваных персон — лаўрэатаў прэмій, членаў творчых аб'яднанняў, галоўрэдаў літчасопісаў. І вось цяпер, ухапіўшы гэтыя тры кнігі задарма як бонус у дадатак да некалькіх іншых купленых (у краме праходзіла нейкая акцыя), я рызыкнуў зноў здзейсніць экспедыцыю ў свет слоўнай творчасці сваіх землякоў. Хто ведае, а раптам у мяне змяніўся густ? Або нават калі застаўся ранейшым, то не выключана, што дзякуючы шчасліваму збегу абставін усё ж знойдзецца ў гэтым халяўным наборы хаця б адна рэч, якая прыйдзецца мне даспадобы.