Калі б сыпаліся мне з неба, то, вядома ж, наладзіў бы дасканалы, выкшталцоны, да гламуру камфортны побыт і жыў бы прыгожа без клопату пра хлеб надзённы. Але такое існаванне зрабілася б не мэтаю, а фонам, на якім я са смакам, з эстэтычнай асалодаю, з радасцю пераможцы штодня ўзводзіў бы на п'едэстал, ушаноўваў бы і апяваў тое, чаго мне заўсёды не стае, — праўду і прыгожае слова.
Я стварыў бы інтэрнэт-СМІ, у якое набраў бы шмат людзей, два-тры дзясяткі, і прызначыў бы ім вельмі высокія заробкі. У такіх умовах кожны з іх паспяваў бы спакойна і грунтоўна папрацаваць над сваім матэрыялам (тэкстам, фотаздымкам, аўдыя- ці відэасюжэтам), дэталёва, асэнсавана, удумліва адшліфаваць яго, зрабіць прыемным для ўспрымання, каб чалавек чытаў (слухаў, глядзеў) і атрымліваў асалоду ад спажывання інфармацыі — ад гарманічнага тэксту, мілагучнага маўлення, прыгожай выявы. (Калі штат малы, то кожнаму журналісту патрэбна за мінімум часу настругаць максімум матэрыялаў — і бяжыць па яго канвееры брак, стракацяць каструбаватыя тэксты фактычнымі недакладнасцямі, моўнымі памылкамі і стылёвымі хібамі.)
Запаўняючы вакансіі, перавагу аддаваў бы філолагам, бо яны ў параўнанні з журналістамі больш глыбакадумныя, грунтоўныя і лепей валодаюць словам. Але адправіў бы ўсіх за кошт свайго СМІ вучыцца на журналістаў, бо журналісты ў параўнанні з імі больш знаходлівыя, пранырлівыя і разняволеныя.
Чаму не наняць журналістаў ды навучыць іх на філолагаў? Таму, што вучоба філолага на журналіста — гэта разнявольванне, выцягванне асобы з філасофскіх глыбіняў на паверхню рэальнага жыцця, а вучоба журналіста на філолага адбывалася б па супрацьлеглым прынцыпе, уяўляла б сабою дысцыплінаванне, утаймоўванне, прымус, і гэты шлях здаецца мне менш перспектыўным. Да таго ж мяркую, што адчуванне слова і такія асабовыя якасці, як глыбіня і грунтоўнасць думак, эмпатыя, здольнасць да філасофскіх абагульненняў, няхай лепей будуць у супрацоўніка натуральнымі, чым набытымі, сфарміраванымі праз адукацыйны працэс.
У маім СМІ не знайшлося б месца для рэкламы.
У ім не было б хлуслівых загалоўкаў, якія абяцаюць сенсацыю, а чытач яе не знаходзіць.
Мой СМІ не перадрукоўваў бы стэрылізаваныя, пазбаўленыя канкрэтыкі і вобразнасці, безасабовыя, бясколерныя, скупыя на дэталі, напісаныя канцылярскай моваю паведамленні інфармагенцтваў ды прэс-службаў. Замест гэтага здзеку з журналістыкі мы размяшчалі б шчырыя, праўдзівыя (але асцярожныя, абачлівыя, юрыдычна ўзважаныя) нататкі такога кшталту: «Міністэрства маршрутных таксі Канфедэрацыі Цэнтральна-паўночных Еўрапейскіх Рэспублік размясціла на сваім сайце навіну пра тое, што дырэктара аднаго з падведамасных яму аператараў пасажырскіх перавозак пасадзілі ў турму за прысваенне казённага дызельнага паліва. У якой краіне гэта адбылося, як завуць дырэктара, колькі саляркі ён украў і на працягу якога часу (адным махам ці за некалькі разоў), ММТ не паведаміла, нават не дало звестак пра тэрмін зняволення карупцыянера. На нашу афіцыйную пісьмовую просьбу прывесці вышэйзгаданыя непрыведзеныя падрабязнасці міністэрства адказала, што ўсе прызначаныя для апублікавання звесткі на гэтую тэму размешчаны на яго сайце. Вось так, шаноўныя чытачы, паважаюць вас чыноўнікі з высокага ведамства, вось так яны выконваюць вашае права на праўдзівую і ўсебаковую інфармацыю».
У складзе рэдакцыі я стварыў бы юрыдычна-снайперскі аддзел для барацьбы з плагіятам (у тым ліку схаваным — рэрайтынгам). Юрысты адсочвалі б крадзяжы нашых інфармацыйных прадуктаў і праз суд прымушалі б плагіятараў адмаўляцца ад прысвоенага, а таксама спаганялі б з іх грошы за ўчынены нам крадзяжом маральны ўрон (перажытыя намі негатыўныя эмоцыі: прыкрасць, абурэнне і інш.). А ў тых выпадках, калі суд не задаволіў або не ў поўнай меры задаволіў нашы патрабаванні, да справы падключаліся б снайперы (каб не гучала двухсэнсоўна, удакладню: працавалі б яны з плагіятарамі, а не з суддзямі).
Навошта грамадству такое СМІ? Нінавошта: піпл ахвотна спажывае ўсё, што яму падсоўваюць, — і рэкламу, і банальнасці, і хлусню, — таму не заўважыў бы розніцы паміж маім якасным інфармрэсурсам і ўсялякімі нікчэмнымі, не ацаніў бы маіх высокіх парыванняў і шчырага дбання. Але галоўнае тое, што я забяспечыў бы годным заробкам колькі дзясяткаў годных людзей — праўдзівых, пісьменных, сумленных, інтэлектуалаў і творцаў. І, вядома ж, хаця б колькі сотняў, а то і пад тысячу чалавек аўдыторыі — разумныя, канструктыўныя, пазітыўныя асобы, — цэнячы свой час і шкадуючы нервы, адмовіліся б ад усіх СМІ на карысць майго, бо ў ім былі б толькі актуальныя, сапраўды значныя звесткі, ніякага смецця, шуму, бруду і дурноты. Іншымі словамі, я стварыў бы востраў інфармацыйнай гармоніі ў моры бязладдзя і пасяліў бы на ім таго, хто заслугоўвае права жыць у такім месцы.
© Сяргей Абрамовіч, 2026