28.09.2026

Выкшталцонага гумару не ўпадабаў, у авангардысты не падаўся

Трапіў мне ў інтэрнэце відэасюжэт (на рускай мове), у якім наведнік кавярні замаўляе айс-латэ, а ўладальніца гэтай установы крыху з'едліва, іранічна гаворыць яму (цытую ў даслоўным перакладзе):

— Я табе туды плюну — хочаш?

У галасавых і тэкставых каментарыях да сюжэта паведамляецца, што ўладальніца і наведнік у нечым не паразумеліся і пачалі спрачацца, пры гэтым наведнік запісваў дыялог на відэа, уладальніца выклікала на яго ахову кавярні, ён на ўладальніцу — міліцыю, але пазней яны памірыліся (прынамсі адмовіліся ад далейшых прэтэнзій адно да аднаго).

Па ўсім відаць, што наведніка наймацней абурыла гідавыклікальная рэпліка кавярніцы. Ён выклаў відэа ў інтэрнэт (на сваёй старонцы), а там яго падхапілі ўсялякія рэсурсы і распаўсюдзілі кожны на свой лад (я прагледзеў два варыянты і першакрыніцу).

Канфлікт цалкам, ад пачатку да прыезду міліцыі, на момант напісання мною гэтага тэксту нідзе (у тым ліку ў наведніка кавярні) не быў паказаны — толькі фрагмент з рэплікаю наконт плявання, літаральна секунды.

Сутнасць канфлікту ў прагледжаных мною крыніцах перададзена скупа, без псіхалагізму — матывацыя ўчынкаў бакоў не бачная, незразумелая, душэўны стан апанентаў яскрава, жыва не адлюстраваны, толькі канстатаваныя этапы развіцця падзей: наведнік прыйшоў ва ўстанову і нічога не замовіў, яго папрасілі сысці, тады ён зрабіў замову (каб не выганялі), а ў адказ пачуў штосьці непрыемнае. Карацей, ці то хтосьці штосьці замоўчвае, ці то аўтары ўсіх публікацый не здатныя перадаць падзеі ўцямна і пераканаўча, коратка і адначасова змястоўна.

У літаратуры мне як найменей двойчы сустракаўся матыў плявання ў чужы напой: адзін раз — у нашага празаіка XX стагоддзя Максіма Гарэцкага (праваднік цягніка цішком плюе ці то ў гарбату, ці то ў каву, не памятаю, капрызнаму пасажыру), другі — у нейкай філасофскай ці публіцыстычнай кнізе ўжо забытага мной сучаснага беларускага аўтара (прыведзены эпізод, не ведаю рэальны ці прыдуманы: замежнаму ці то мастаку-авангардысту, ці то гэткаму самаму пісьменніку ў кавярні хтосьці з наведнікаў, абураных яго творчасцю, плюнуў у каву, авангардыст дэманстратыўна гэтую каву выпіў — і той, хто пляваў, ад такога відовішча званітаваў). Пасля прагляду відэа пра канфлікт у мінскай кавярні я прыгадаў гэтыя літаратурныя эпізоды, пагугліў на гэтую тэму (у шырокім, няпэўным кантэксце — пляванне ў каву) і выявіў вось якую цікавую рэч.

Па сацсетках гуляе шмат відэа (усе прагледжаныя мною — на замежных мовах), у якіх кліент пункта грамадскага харчавання просіць вабную маладую афіцыянтку плюнуць яму ў напой (каву, кактэйль) або ў ежу (напрыклад, паміж слаямі бутэрброда). Можа, гэта эпатаж (моладзь аддасць перавагу тэрміну «трэш-кантэнт»), можа — якісьці фетышызм (ролікі, не выключаю, маюць эратычны падтэкст, апелююць да пачуццёвасці, юру). У некаторых з іх афіцыянтку, першапачаткова бадзёрую і ўсмешлівую, просьба плюнуць бянтэжыць, і дзяўчына, усё ж выканаўшы незвычайнае пажаданне кліента, сыходзіць зніякавелая і расчараваная, нібыта даючы зразумець выразам твару і жэстамі: «Ладны мужык, а аказаўся вычварэнцам».

Такім чынам, мая інтэрпрэтацыя вышэйапісанай сітуацыі ў мінскай кавярні наступная. Кавярніцы вядомыя ролікі з пляваннем афіцыянтак. Падчас канфлікту яна смела, разняволена, ярка зымправізавала-скрэатывіла на аснове вобразаў гэтых афіцыянтак і іх кліентаў, прадэманстраваўшы тым самым складанае асацыятыўнае мысленне і вытанчанае пачуццё гумару. Але апанент ці то не зразумеў гэтага творчага выпаду (пра такія ролікі не ведае, адпаведных асацыяцый у яго не ўзнікае), ці то дзеля ўласнага інтарэсу ўдаў неразуменне — і вытлумачыў словы кавярніцы фармальна, засяродзіўшыся на літаральным сэнсе, у адрыве ад культурнага кантэксту (ролікі, у якіх афіцыянтак просяць плюнуць, не паварочваецца язык аднесці да культуры, аднак гэта, што ні кажы, творчасць, генерацыя кантэнту, элемент духоўнага жыцця грамадства — псеўда-, суб-, анты-, але культура).

Дарэчы, не ведаю, як наведнік фармуляваў прычыну свайго тэлефанавання на 102, але калі б пры гэтым ён паскардзіўся на пагрозу яго бяспецы ці на знявагу, то на месцы міліцыі я разгледзеў бы пытанне пра падманны выклік. Яны, вядома ж, самі ведаюць, што да чаго, у іх ёсць нейкі рэгламент працы, алгарытм рэагавання на тэлефанаванні, але калі падысці проста, на ўзроўні побыту, з меркамі здаровага сэнсу: органы ўнутраных спраў прызначаны для абароны і ратавання, а ад каго ці ад чаго прасіў ён абараніць? Рэпліка ўладальніцы кавярні пра пляванне не ўтрымлівала пагрозы ні на сэнсавым, ні на інтанацыйным узроўні, паводле формы яе можна разглядаць як пытанне, перададзенае складаным бяззлучнікавым сказам, блізкім да складаназалежнага: «Я табе туды плюну — хочаш?» = «Хочаш, каб я табе туды плюнула?» Хаця, вядома ж, калі б справа дайшла да суда, то апаненты кавярніцы настойвалі б на іншай пунктуацыі: «Я табе туды плюну. Хочаш?» — гэта ўжо намер (=пагроза) і пытанне пра стаўленне суразмоўцы да гэтага намеру. Адбіваць такі закід я рэкамендаваў бы сцверджаннем пра тое, што гэта ўсё ж паводле сэнсу адзін сказ (г.зн. пытанне), агучаны з ужываннем парцэляцыі (наданне выказванню выразнасці праз падзел яго на дзве і болей частак).

© Сяргей Абрамовіч, 2026