25.10.2026

Нядзельны досвітак

Калі вам няма 18 гадоў, то не чытайце гэты верш, бо ў ім згадваецца алкаголь.

Чыгуновая патэльня
Салам з яйкамі сквірчыць.
Я падняўся рана вельмі,
Зараз буду каву піць.

Водар кавы італьянскай
Будзіць мроі ў галаве.
Самагонкі1 б яшчэ шклянку,
Або пляшку (можна дзве).

Кава — «Б'янкафэ́ Інтэ́нса»2
(І не шык, і не ... ).
У жыцці сваім я сэнсу
Не шукаю ўжо даўно.

Засумую — вып'ю кавы,
Так на тыдзень разоў пяць.
Жыць без сэнсу нецікава,
Ды лянуюся шукаць.

І без сэнсу, і без мэты —
Марнатраўца я такі.
Пырскі тлушчу, бы каметы,
Разлятаюцца ўбакі.

Рана ўспёрся. Пазяхаю.
Мо пайду і зноў засну?
Яйкі з салам пачакаюць
У патэльні з чыгуну.

_____

1 Самагонкі я не ганю, бо гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, а я грамадзянін законапаслухмяны. У вершы пад самагонкаю маю на ўвазе 40-градусны напой «Дистиллят ржаной белорусский ‟Первогон”» вытворчасці ЗАТ «Мінскі завод вінаградных вінаў». Гэты прадукт мае выразны сівушны пах і таму спадабаецца не кожнаму. Але п'ецца мякка, і наступствы назаўтра пасля яго ўжывання мінімальныя. Заклікаю ўсіх выконваць заканадаўства, а таксама весці здаровы лад жыцця і не злоўжываць алкаголем.

2 Маю на ўвазе молатую каву, на ўпакоўцы якой напісана «Biancaffè Intenso». Вызначаецца лёгкім, паветраным пахам і смакам, мякка ўздзейнічае на маю адчувальную да кафеіну сардэчна-сасудзістую сістэму — у адрозненне ад іншых найменняў кавы, не ўзмацняе мне ціск і не пачашчае сэрцабіццё. Купляю такую каву ў крамах сеткі «Санта».

Імбрык і патэльня
Апублікаваўшы верш і спажыўшы ўсё, у ім прыгаданае (акрамя самагонкі), падумаў, што сёння каму-небудзь чыгунная патэльня можа ўяўляцца ўжо выключна музейным экспанатам, бо ў продажы дамінуюць усялякія з мудрагелістых лёгкіх матэрыялаў. Таму прыводжу доказ.

Іншыя мае вершы пра алкаголь: «Страчаны антыдэпрэсант», «Пастарэю — сап'юся».

© Сяргей Абрамовіч, 2026