Хто-небудзь можа здзівіцца: блог літаратурны, але разам з мастацкімі (проза, паэзія) і літаратуразнаўчымі тэкстамі ў ім прысутнічаюць публікацыі іншага характару — напрыклад, на прававую тэму, або пра беларускую мову.
Я сапраўды часам размяшчаю тут не толькі мастацкія творы і літаратуразнаўчыя артыкулы. Раблю гэта дзеля павышэння наведвальнасці — каб прыходзілі людзі з пошукавых сістэм. Завітае хто-небудзь, напрыклад, даведацца, як перакласці на беларускую мову з рускай словазлучэнне «коробка передач», знойдзе адказ на сваё пытанне, здзівіцца, чаму гэты блог названы літаратурным, захоча даследаваць яго, стане праглядаць іншыя публікацыі — і хто ведае, можа, зробіцца маім пастаянным чытачом.
Акрамя таго, тэматычная разнастайнасць гэтага блога адлюстроўвае маё ўспрыманне літаратуры. Не люблю пісаніны, адарванай ад жыцця — фантастыкі, прыгодніцтва, дэтэктываў. Пішу на мяжы мастацкай творчасці і журналістыкі і як чытач таксама аддаю перавагу менавіта такім творам.
Вядома ж, літаратура — гэта мастацтва слова, таму яна не абавязана быць выключна рэалістычнаю, галоўнае — прыгожы стыль, каб чытачу было прыемна спажываць тэкст. Можна пісаць лірыку (вершы і прозу пра свае пачуцці, пра свой эмацыянальны стан), разважаць пра сэнс жыцця, фантазіраваць (выдумляць штосьці казачнае або прыгодніцкае) — і гэта будзе мастацкая літаратура. А калі напісаць вершам, напрыклад, інструкцыю па замене паліўнага фільтра ў аўтамабільным рухавіку, ды зрабіць гэта так па-майстэрску, прыгожа і захапляльна, што ўсе, хто з ёю азнаёміцца, захочуць перачытваць яе зноў і зноў — не з практычнымі мэтамі, а проста дзеля задавальнення, дзеля асалоды ад удалых рыфмаў і арыгінальных вобразаў, — то хіба гэты тэкст не будзе таксама мастацкім? Утылітарным і адначасова мастацкім — ужытковым, напісаным па-мастацку, або мастацкім і ў дадатак ужыткова значным. Дарэчы, у гэтым кантэксце характэрны мой верш «Невыязная элегія»: там і паэзія, і аўтарамонт, і юрыдычная кансультацыя.
Такім чынам, мяжа паміж мастацкім тэкстам у строгім разуменні гэтага паняцця і тэкстамі на розныя далёкія ад мастацтва тэмы рухомая, зменлівая. Тэматыка — не адзіны крытэрый мастацкасці тэксту. Галоўны крытэрый — задавальненне: калі аўтар піша з задавальненнем (хоць пра спатканне пад месяцам, хоць пра тэхналогію штучнага асемянення каровы, хоць пра гісторыю асваення космасу), а чытач з асалодай гэты тэкст чытае, думаючы: «Які ж малайчына, як жа цудоўна валодае словам, чытаю і не магу адарвацца!», то я бачу падставы лічыць гэты тэкст мастацкім.
© Сяргей Абрамовіч, 2026