Падману тут няма, усё сапраўды бясплатна і надзейна: дам талковую і праўдзівую кансультацыю, правільна перакладу з/на беларускую, якасна вычытаю тэкст і г.д. Але кансультую не па ўсіх без выключэння пытаннях, а толькі па тых, якія здаюцца мне цікавымі: калі пытанне злабадзённае, мае грамадскую значнасць або чым-небудзь іншым адметнае (на мой густ), то я дам адказ на яго ў форме публікацыі ў гэтым блогу і прышлю вам спасылку. Г.зн. сваім пытаннем вы дапамагаеце мне весці блог — падкідваеце цікавую тэму.
Вядома ж, могуць быць розныя нюансы: магу дапамагчы і непасрэдна (адкажу вам праз e-mail, а не ў блогу), і не толькі ў сувязі з цікавым для мяне пытаннем, але гэта ўжо ў залежнасці ад сітуацыі, як абставіны складуцца, як дамовімся.
Дзе гарантыя якасці маёй дапамогі? У 2001 годзе я на выдатна закончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта (Мінск), атрымаў там кваліфікацыю «філолаг. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры» (менавіта такая фармуліроўка ў дыпломе), тры гады выкладаў гэты прадмет у школе, з 2004 года працую ў газетнай журналістыцы (у 2026-м атрымаў у БДУ дыплом журналіста). Маю ў асабістай бібліятэцы сучасныя аўтарытэтныя слоўнікі (выпушчаныя пад эгідай Акадэміі навук). Калі мне трапіцца спрэчнае пытанне, то выкладу ўсе пункты гледжання на яго, а калі чагосьці не буду ведаць (што з маёй адукацыяй і досведам малаверагодна), то не вазьмуся, каб не ўводзіць вас у зман і не дыскрэдытаваць сябе. Тлумачу даходліва, жыва, а не нуднай навуковай моваю.
Пытанні і просьбы прымаю на e-mail, указаны тут.