23.05.2026

Канцылярысты заінтрыгавалі — філолаг расчараваў


Мабыць, тут надумалі пабудаваць штосьці неверагодна, ультрасучасна высокатэхналагічнае — нейкі шматфункцыянальны комплекс з аўтастаянкаю, які будзе (навошта — пакуль незразумела) змяняць сваё месцазнаходжанне — перасоўвацца туды-сюды. Пра яго рухомасць сведчыць надпіс на агароджы будаўнічага аб'екта: «... по улице Городской Вал» (бел. «... па вуліцы Гарадскі Вал»).

Для тых, хто не датумкаў. Па вуліцы можна толькі рухацца (ісці, ехаць, бегчы, паўзці і г.д.), а размяшчацца (стаяць, ляжаць, сядзець...) — на вуліцы. Канструкцыяй «па вуліцы» месцазнаходжанне аб'екта абазначаюць чыноўнікі, гэта ў іх накшталт прафесійнага жаргону, які ў літаратурнай традыцыі называюць канцылярытам.

Цырульня на вуліцы імя Максіма Танка ў Мінску. Прыназоўнік выбраны правільны — «на», а не «па».

Такім чынам, інтрыга лопнула, засталося расчараванне: нічога фантастычнага тут не пабудуюць, гэта проста надпіс на канцылярыце.

© Сяргей Абрамовіч, 2026