Майскімі вечарамі настальгічна шпацырую па Мінску, гораду свайго студэнцкага юнацтва, прыехаўшы сюды ў месячную камандзіроўку.
Шмат дзяўчат. Прыгажэнныя. Мае аднагодкі такімі не былі, цяперашнія — асабліва прывабныя. Можа, таму, што для мяне ўжо не прызначаныя, а можа, мода маскіруе хібы: напрыклад, пад шараварыстымі штанамі надзейна схавана недасканаласць ног — і постаць выпраменьвае выключна жаноцкасць, пяшчоту, гармонію, нішто не псуе гэтага ўражання; плюс нарошчаныя вейкі, плюс напампаваныя вусны, плюс усялякія іншыя хітрыкі індустрыі прыгажосці...
Пасля такіх шпацыраў часам адчуваю сябе ўзнёсла, бо прыгажуні натхняюць, а часам журуся, бо валачыцца мне за імі праз мой узрост не выпадае. Паспрабаваць, вядома ж, можна, але пакру́ціць каторая пальцам ля скроні ці пасмяецца з лысага дзядзькі, у бацькі ёй прыдатнага.
Ва ўніверсітэце напаткаў нейкага дзядульку-выкладчыка і падумаў, што мяне на яго месцы вечарамі душыла б дэпрэсія з прычыны недасяжнасці забароненага плоду, які штодзень дражніць вока. Хіба што калі не сёння заўтра цябе чакае ўтылізацыя шляхам закопвання або крэмацыі, дык табе ўжо не да дзяўчат? Дажыву да такіх гадоў — зведаю.
© Сяргей Абрамовіч, 2026