Ці мажліва дзе-небудзь на сярэдзіне жыццёвага шляху адчуваць сябе шчаслівым, калі зарабляеш толькі на ежу, не маеш прызнання сваіх талентаў і заслуг, не можаш пахваліцца ладным пералікам пакаштаваных у ложку прыгажунь?
Мяркую, што так, але толькі калі спаткаў сваю жанчыну (тую, без якой цябе душыць туга ды вабіць пятля і ў якой ты абудзіў пачуцці аналагічнага кшталту) і з ёю жывеш. Гэта будзе шчасце.
Існуе верагоднасць, што спаткаеш яе, але не дасі рады варожым абставінам, праз брак упэўненасці ў сабе ці яшчэ з якіх прычын страціш падараваны лёсам шанц — і гэта будзе трагедыя.
Можна звязаць жыццё з не сваёю (з той, якая ў лепшым выпадку не выклікае захаплення, а ў горшым некалі пачне раздражняць без дай прычыны) — і гэта таксама будзе трагедыя.
Яшчэ страшней — жывучы з не сваёю, знайсці сваю. Гэта ўжо не падарунак, а пакаранне ці здзек лёсу.
Будзьце шчаслівымі. Або хаця б заможнымі, ці нечым слыннымі, ці ўлюбёнцамі цудоўнага полу. Каб за багацейскімі забавамі, у промнях славы ды пажадлівым шале не мелі часу на развагі пра сваю трагедыю.
© Сяргей Абрамовіч, 2026