11.05.2026

Амаральны рэжым працы грамадскіх прыбіральняў

У буйным гандлёвым цэнтры Мінска спатрэбілася наведаць санвузел. Іх тут шмат, не меней чым па два на кожным паверсе, а колькі паверхаў, я нават не зразумеў, заблытаўся.

Уваходжу следам за двума мужыкамі — апынаюся ў памяшканні з рукамыйнікамі, якое плаўна перацякае ў наступнае, дзе пісуары. Дзвярэй між памяшканнямі няма, толькі лёгкае звужэнне (невялічкія выступы сцен). Прыбіральшчыца працірае люстры над рукамыйнікамі. Здзіўляюся, што на дзвярах не было шыльдачкі «Тэхнічны перапынак», і паварочваюся выходзіць. А тыя двое прастуюць да пісуараў, на хаду расшпільваючы прарэхі. «Дэградацыя, — думаю пра іх. — Ці даўно я чытаў у інтэрнэце сцёбныя каментарыі наконт еўрапейскіх вулічных канструкцый, у якія мужык можа справіць малую патрэбу, проста адвярнуўшыся ад мінакоў, а вось ужо і асобныя з нашых грамадзян дэманструюць маральную гатоўнасць да карыстання такімі здабыткамі цывілізацыі».

Знаходжу іншы клазет. Планіроўка аналагічная. Усярэдзіне — нікога. Кіруюся паўз рукамыйнікі да зоны з пісуарамі. Нішто не прадвяшчае нічога дрэннага, але ў вельмі няёмкі для мяне момант, калі мне позна адмаўляцца ад свайго намеру і няма куды дзецца, з’яўляецца прыбіральшчыца (не тая самая, іншая). Кінуўшы бясстрасны позірк у мой бок, спакойна пачынае праціраць люстры. «Прызвычаеная, — раблю выснову. — І тая, з папярэдняй прыбіральні, таксама. Вялікі горад вар’яцее».

Хтосьці скажа, што мне варта перагледзець свае непрагрэсіўныя этычныя прынцыпы, але я настойваю на тым, што гэта ўладальнікам гандлёвага цэнтра неабходна змяніць дызайн прыбіральняў. Або — рэжым іх працы: на момант уборкі зачыняць.

© Сяргей Абрамовіч, 2026