Напісаўшы апавяданне пра тое, як шчыра, бязмежна, самааддана мы ў дзяцінстве шанавалі Уладзіміра Ільіча, публікаваць гэты тэкст я адважыўся не адразу. Ці зразумеюць? Ці не насміхнуцца пагардліва сённяшнія ўпэўненыя ў сабе прагматыкі з інфантыльнай наіўнасці тагачасных нас — савецкіх дзяцей? Але вагаўся нядоўга: твор праўдзівы, замалёўка таго, што было, адлюстраванне ідэалагічных рэалій эпохі — што іх саромецца?
А днямі мне трапіў на вочы аналагічны фрагмент беларускай ленініяны, толькі з тых часоў, калі яшчэ не было ні мяне, ні маіх бацькоў. Дзённік літаратуразнаўцы Варлена Бечыка, успамін з 1944 года. Ён, 4-5-гадовы хлопчык, жыў з мамай і нейкай блізкаю ім жанчынай. Тая аднойчы ўзяла малога да сябе пад коўдру і называла ўсялякімі пяшчотнымі словамі («зайчык ты мой, верабейка ты мой»), а ён на кожную гэтую слоўную пяшчоту адказваў якім-небудзь сваім эпітэтам і ў нейкі момант адарыў цёцю вось такой порцыяй любові: «Партрэцік Леніна вы мой».
(Вышэйзгаданы ўспамін В. Бечыка змешчаны на стар. 108 выдання Варлен Бечык. Радкі і жыццё. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1993.)
© Сяргей Абрамовіч, 2026