За рулём слухаў навіны на нейкім рускамоўным беларускім канале. Іншых станцый на тым адрэзку майго маршруту прыёмнік не лавіў, іначай я абавязкова пераключыў бы, таму што па-канцылярску мёртвы, бясколерны, снатворна манатонны мужчынскі голас з фальцэтнымі (лісліва-рабалепскімі якімісьці) ноткамі выкліка́ў агіду: уяўленне малявала інфантыльнага офіснага мамчынага сынка, чый кругагляд абмежаваны веданнем, як задаць пытанне штучнаму інтэлекту.
Безаблічны піскун разоў пяць згадаў інфармагенцтва «БелТА», пры гэтым робячы націск на «а» (правільна не вымавіў ні разу). На маёй памяці (мне 47) і «БелТА», і «РосТА» ў рускамоўным варыянце* заўсёды мелі націскным першы склад. Можаце нават загугліць фразу «помню, как-то шел я из укома» — знойдзеце верш Аляксандра Пляшкова (1907 — 1975) з рыфмаю «РосТА — просто» і Міхаіла Ісакоўскага (1900 — 1973) з рыфмаю «просто — РосТА».
Навошта ж вышэйзгаданы вядучы** перацягнуў націск на першы склад? Вядома, ён мог зрабіць гэта не з уласнай ініцыятывы, а выконваючы распараджэнне кіраўніцтва, але сутнасць пытання застаецца тая самая: чаму радыёстанцыя трансліруе няправільнае вымаўленне? Магчыма, датычныя да гэтай сітуацыі журналісты (моладзь якая-небудзь) ніколі не чулі слова «БелТА», толькі чыталі яго — і падчас падрыхтоўкі выпуску навін кіраваліся пастулатам, у адпаведнасці з якім абрэвіятуры часцей за ўсё маюць націск на апошнім складзе. Магчыма, вырашылі, што калі БелТА — гэта агенцтва, то акцэнтаваць патрэбна менавіта гэтае слова. А магчыма, увогуле агучваннем у іх займаецца ШІ (у скляпаных такім спосабам відэароліках у інтэрнэце часта чую няправільны націск).
Злёгку памудраваўшы, пагуляўшы, бы з канструктарам, з нормамі літаратурнай мовы, націск «Бе́лТА» можна аспрэчыць і, адпаведна, «БелТА́» абгрунтаваць — але навошта? Традыцыя — істотны фактар фарміравання нормы, і невядома з якой немачы зробленая спроба сфарміраваную такім чынам норму адрынуць выглядае недарэчна.
_____
* «БелТА» — і ў беларускамоўным. Наконт Расійскага тэлеграфнага агенцтва не ведаю, абрэвіятуру яго назвы па-беларуску ніколі не чуў, толькі бачыў тэкставыя варыянты «РасТА» і «РосТА» (без пераводу «о» ў «а»).
** Слова гучыць як русізм, але іншага ў акадэмічных слоўніках пакуль няма. Дзесьці я сустракаў варыянт «вядоўца», але ён у мяне выклікае асацыяцыі з ведзьмаком.
© Сяргей Абрамовіч, 2026