Вядомы на ўсю вёску п'янтыла, абібок і сямейны дэбашыр, ад якога часта плакалі жонка і малое, прыйшоў у мясцовую краму па чарніла на пахмел. Прадаўшчыца, даючы пляшку, стала ўшчуваць яго за нялюдскае жыццё.
— Ай, не дуры галаву, без цябе баліць, — адмахнуўся наведнік. — Дай-тка яшчэ во гэтае во, — паказаў на самую вялікую з пакладзеных у вітрыне шакаладак.
Выхавальніца адразу палагаднела, з папрокаў пераключылася на заахвочванне:
— А вось гэта правільна, малайчына! Парадуй дзіцёнка, няхай бачыць, што бацька ёсць. Пахмяліся і бярыся за розум, хопіць ужо мучыцца і сям'ю мучыць.
Пакутнік выйшаў, сеў на ганку крамы, адкаркаваў чарніла, заліў у горла адразу паўбутэлькі, напалову вызваліў шакаладку з абгорткі, адкусіў, бы ад лусты хлеба, на поўны рот, і стаў задуменна, няспешна, гледзячы ў пустату, жаваць.
© Сяргей Абрамовіч, 2026