23.09.2026

Адкуль бяруцца грамар-нацы?

Пра ўсіх не скажу, але пэўныя абагульненні зраблю, бо сам меў схільнасць да падзелу людзей на вышэйшых і ніжэйшых паводле граматычнай прыкметы (у залежнасці ад іх узроўню валодання нормамі літаратурнай мовы), а таксама на працы часта маю справу з праблемамі суадносін жывой мовы і яе акадэмічнага трафарэта.

Сімптомы граматычнага нацызму: раздражняюць памылкі ў чужых тэкстах і маўленні; нясцерпна хочацца рабіць заўвагі тым, хто памыляецца; узнікае адчуванне сваёй перавагі над чалавекам, які сказаў ці напісаў штосьці граматычна няправільна, адчуванне ўзмацняецца да такой ступені, што гэты чалавек паўстае як у цэлым нікчэмны, варты пагарды, а ты побач з ім — як выбітная асоба, нацыянальны герой, ветэран працы і абедзвюх сусветных войнаў.

Сёння на гэтую хваробу ўжо не пакутую, але ў граматычных агрэхах суразмоўцы ці адрасанта ліста бачу верагодную праяву неахайнасці мыслення і насцярожваюся: ці дастаткова ён талковы для таго, каб я з ім як з роўным гутарыў/перапісваўся?

Мяркую, што на псіхалагічным узроўні граматычны нацызм — гэта інфантылізм: у нацысце прачынаецца колішні шкаляр — або сціплы, прыгнечаны, запалоханы, які хоча дагадзіць настаўніку, або злосны, агрэсіўны, які памятае, як яго ўшчуваў за памылкі педагог, і хоча кампенсаваць негатыўныя эмоцыі тых імгненняў (прыкрасць, крыўда, вінаватасць) шляхам ушчування іншых (спрабуе самасцвердзіцца, разыгрываючы сітуацыю «настаўнік — вучань» і адводзячы ў ёй сабе ролю настаўніка). У дзяцінстве будучы грамар-нацы баяўся штосьці з памылкаю напісаць або вымавіць, радаваўся, калі яго хвалілі за добра напісаны дыктант, і ў глыбінях свядомасці засвоіў такі стэрэатып: хто гаворыць і піша ў адпаведнасці з літаратурнымі нормамі, той малайчына, медаль яму, а хто ад нормаў адступае, той дрэнны, робіць блага, неслух, вораг народа.

Літаратурная норма, вядома ж, добры індыкатар парадку/бардаку ў мысленні чалавека: па тым, наколькі пісьменна ён гаворыць і піша, можна меркаваць, наколькі яму ўласцівыя здаровы сэнс, логіка, інтэлектуальная дысцыпліна. Але яна, норма, сама не заўсёды лагічная, часам супярэчлівая, спрэчная, неразумная, недапрацаваная, часам логіка ў ёй схаваная надта глыбока, цяжкаспасцігальная. Чаму, напрыклад, неабходна пісаць і гаварыць у родным склоне «рысу», «рапсу», «гароху», але «аўса»? Чаму «матацыкл», але «мотаролер», а слова «мотаблок» у акадэмічным граматычным слоўніку назоўніка дагэтуль няма (чалавек можа, заблытаўшыся ў правілах і выключэннях, памылкова напісаць яго праз «а»)? Чаму слова «падбел» у акадэмічным руска-беларускім трохтомніку абазначае дзве расліны — тую, што ў рускай мове «мать-и-мачеха», і тую, што «подбел» (дарэчы, абедзве — лекавыя, урач ці знахар можа прызначыць якую-небудзь з іх, а пацыент узяць іншую)?

Асобныя нормы можна незнарок парушыць з прычыны добрага ведання правілаў і глыбокага адчування сэнсу выказванняў: слова «трафарэта» ў першым абзацы мне свярбелі рукі напісаць з «у» на канцы, бо ў дадзеным выпадку я вяду гаворку не пра трафарэт як прыладу, а пра паняцце, абстракцыю, сінанімічную са словам «узор» (паводле правілаў, абстрактным назоўнікам мужчынскага роду з нулявым канчаткам звычайна ў родным склоне ўласцівы канчатак «у»; «трафарэт» паводле слоўніка мае ў родным склоне толькі канчатак «а», «узор» — толькі «у»).

Ад некаторых правілаў мы адступаем свядома — таму, што яны ўстарэлыя або нетыповыя і некрытычныя, непрынцыповыя (калі адступіш, то сэнс сказанага/напісанага не скажаецца): масава гаворым і пішам «пенсійны» (у акадэмічным граматычным слоўніку — «пенсіённы»); я вымаўляю ўсе словы толькі з фрыкатыўным «г» (для словаў «ганак», «газа», «гонта» і яшчэ некалькіх літаратурная норма — выбуховае вымаўленне).

З улікам таго, што самі лінгвісты не да канца разабраліся, як у тым ці іншым выпадку трэба пісаць і казаць (або па меншай меры не могуць пераканаўча абгрунтаваць сваю пазіцыю), адчуваю спакусу абвясціць арфаграфію, пунктуацыю і граматыку наборам шкодных догмаў (шкодныя таму, што навязваюць вялікай колькасці людзей густ жменькі, якая гэтыя догмы прыдумала). Але калі іх адмяніць, то стане цяжэй адрозніваць глыбакадумных і адказных асоб ад павярхоўных (гэта не маё меркаванне, думку такога кшталту выказаў нейкі аўтарытэт — ці то лінгвіст, ці то пісьменнік, не памятаю — мінулых стагоддзяў, але я яе падтрымліваю).

Такім чынам, граматычны нацызм расце з інфантылізму грамар-нацы на глебе недасканаласці (сумніўнасць, непатрэбная складанасць, заблытанасць) акадэмічных нормаў. Мяжа паміж дробязнай прыдзірлівасцю да маўлення/тэксту і высокай пісьменнасцю, культураю мовы хісткая: адназначных, прыдатных для любой сітацыі крытэрыяў няма (можа, перад табою сапраўды невук, а можа, гэта проста ты ўвайшоў у граматычнанацысцкі экстаз).

Што рабіць? Праявы граматычнага нацызму ў адносінах да сябе не браць блізка да сэрца. Са сваімі праявамі працаваць — рэфлексаваць і вучыцца талерантнасці. Але калі ты настаўнік, то не блытаць талерантнасць са службовай нядбайнасцю — палёгкі вучням не даваць, усе памылкі ўлічваць і адзнаку ставіць аб'ектыўна. Калі ж ты журналіст, пісьменнік, блогер, то не даваць палёгкі сабе — сумніўныя моманты правяраць па слоўніках і падручніках, а калі не ўпэўнены ў сваёй уважлівасці і адучванні слова, дык увогуле праганяць увесь тэкст праз штучны інтэлект і прапанаваныя ім праўкі таксама правяраць па надзейных крыніцах (бо ШІ часам выдае лухту).

© Сяргей Абрамовіч, 2026