Ішоў шосты-сёмы год з таго часу, як я, прачытаўшы Біблію, адчуў сябе перакананым бязбожнікам (засяроджвацца цяпер на такой сваёй духоўнай метамарфозе не буду, бо адлюстраваў яе ў апавяданні «Біблія — школа атэізму»). Гэта быў неспрыяльны перыяд майго жыцця: беспрацоўе, агульная неўладкаванасць, шкодніцкія ў адносінах да мяне ўчынкі несумленных людзей, страх за будучыню.
Мы з адным крыху маладзейшым за мяне хлопцам неафіцыйна, без афармлення, рабілі на будоўлі — рамантавалі пошту ў вёсцы Барсукі пад Жодзінам, а начаваць нас прывозілі ў гэты горад у гасцініцу. Хлопец той гісторык і даволі шчыры праваслаўны вернік (ва ўсялякім разе быў на той момант, а цяпер мы ўжо гадоў дзесяць не бачыліся, ды і не хлопцы мы даўно).
Неяк дажджлівым кастрычніцкім вечарам ішлі з гастранома ў гасцініцу, неслі пару літраў піва з закускаю і разважалі на ўсялякія вечныя тэмы. Ён сказаў штосьці пра чалавека ці то як пра вяршыню прыроды, ці то як пра найдасканалае стварэнне Бога.
— Не, асаблівага месца ў Сусвеце чалавеку не адводжу, — падзяліўся я сваім успрыманнем. — Людзі для мяне — элемент біямасы, якую складаюць шматлікія розныя істоты з падобнай будоваю нервовай сістэмы (арганізмы, што маюць галаўны мозг, спінны мозг, зрок, слых...). Існуюць літасфера (камень, цвёрдая матэрыя Зямлі), гідрасфера (вада нашай планеты), атмасфера, біясфера... Усе гэтыя сферы, асяроддзі — больш або менш аднародныя сукупнасці рэчываў і аб'ектаў, і чалавецтва я бачу як кампанент біясферы, але толькі ў адзінстве з іншымі пазваночнымі стварэннямі, г.зн. вылучаць яго, разглядаць адарвана ад, напрыклад, коней, зайцоў, мышэй у філасофскіх маштабах, у кантэксце гісторыі Сусвету не знаходжу падстаў. Нездарма ж у навуковай класіфікацыі мы аднесеныя да царства жывёл. У адрозненне ад кароў, сабак, вавёрак, вераб'ёў, мы здольныя больш істотна ўплываць на навакольнае асяроддзе, пераўтвараць рэчаіснасць, таму што маем больш шматфункцыянальную будову канечнасцей і больш складаную, шматфункцыянальную мову (яна дазваляе перадаваць інфармацыю вельмі падрабязна, канкрэтна, наборы гукаў іншых жывёл для выканання такіх задач непрыдатныя), але гэтыя нашы ўласцівасці не робяць прыроду чалавека прынцыпова адрознаю ад прыроды іншых прадстаўнікоў жывёльнага свету. У прыродазнаўчым сэнсе мы жывёлы, і нават не разумнейшыя за іншых жывёл, а проста здольныя больш эфектыўна, дэталёва, шматгранна, магутна і буйнамаштабна заяўляць пра сябе (гаварыць, штосьці майстраваць або разбураць).
— Дык ты ж язычнік, гэта тыпова язычніцкае светаадчуванне, — рэзюмаваў суразмоўца з ноткаю шкадавання ў голасе (хрысціяніну прыкра было ўсведамляць, што вось яшчэ адна душа страчана Царквою).
Да той гутаркі язычніцтва было для мяне такой самаю рэлігіяй, як любая іншая (а значыць, я не лічыў, што вызнаю яго, бо я ж атэіст): людзі вераць у Бога або адразу ў некалькіх Багоў і здзяйсняюць розныя рытуалы, каб гэтых Багоў улагодзіць, заслужыць іх прыхільнасць. А цяпер я задумаўся над язычніцтвам як філасофіяй, убачыў у ім спосаб асэнсавання сябе як часцінкі Ўніверсуму — і пагадзіўся з высноваю свайго хрысціянскага кампаньёна: сапраўды, я язычнік.
Не, пасля жодзінскага шпацыру я не кінуўся ў чытанне літаратуры па славянскай міфалогіі, не стаў ладзіць танцы каля вогнішча ды чыніць ахвяры, бо ведаю, што звышнатуральных істот, якія кіруюць нашым жыццём і вырашаюць нашыя лёсы, не існуе (пераканаць мяне ў адваротным можна толькі пазнаёміўшы з імі асабіста, тварам да твару), але я нібыта дакрануўся да сваёй сутнасці, зірнуў на сябе скрозь тысячагоддзі і зорную далячынь — і зразумеў: мае далёкія продкі былі язычнікамі, а я адучваю свет так, як адчувалі яны, толькі з папраўкаю на рэаліі сённяшняга дня, на маю адукацыю і жыццёвы досвед. Розумам я па-ранейшаму атэіст, эмоцыямі — язычнік.
© Сяргей Абрамовіч, 2026