08.09.2026

«Мэты і задачы», «аб'ект і прадмет» — калянавуковае словаблудства

Як сфармуляваць мэты і задачы дыпломнай працы? Чым адрозніваецца аб'ект даследавання ад прадмета даследавання? Такія пытанні непазбежна паўстаюць перад студэнтамі ВНУ (акрамя выпадкаў, калі абібок не мае намеру займацца працаю сам), і мне ў гэтай сітуацыі хлопцаў і дзяўчат шкада.

З пункту гледжання здаровага сэнсу мэта і задача — адно і тое. Напрыклад, пісьменнік хоча напісаць кнігу і ставіць сабе мэту зрабіць гэта за год. Ці ставіць задачу? Відавочна, што сказаць можна і так, і гэтак, сэнс на 100% аднолькавы. І мэта, і задача — гэта пакуль што не дасягнуты вынік, да якога хтосьці імкнецца, жаданы варыянт заканчэння дзеянняў, здабытак (матэрыяльны ці абстрактны), дзеля якога трэба штосьці рабіць. У дадзеным выпадку — кніга, напісаная за год.

Таксама няма розніцы паміж аб'ектам і прадметам. У шырокім сэнсе аб'ект — гэта штосьці, з чым нешта робяць (разглядаюць, рамантуюць, псуюць, знішчаюць і г.д.), і ўсё, што можна зрабіць з аб'ектам, можна зрабіць таксама і з прадметам (разгледзець яго, адрамантаваць, сапсаваць, знішчыць). Размову ні пра што называюць беспрадметнаю: удзельнікі гэтай пустой балбатні абмяркоўваюць незразумела што, іх гутарка не вядзе ні да якага выніку, у іх абмеркавання няма аб'екта, ці, тое самае, прадмета.

Што ж у такім выпадку мелі на ўвазе складальнікі правілаў напісання курсавых і дыпломных работ, патрабуючы, каб студэнты ставілі сабе і мэты, і задачы, вызначалі і аб'ект, і прадмет даследавання? Калі адказ на гэтае пытанне не відавочны з Палажэння (прыняты ў навучальнай установе нарматыўны дакумент, у якім выкладзены парадак напісання работы), то трэба задаваць яго навуковаму кіраўніку — няхай тлумачыць, чаго хочуць ад студэнта (а яшчэ лепш, калі здыме карону і сам напіша мэты і задачы, пакажа аб'ект і прадмет: ён жа кіраўнік, вось няхай і пакіруе па-сапраўднаму — канкрэтна, без мудрагельства і фанабэрыі, не наганяючы сабе кошту, пу́сціць студэнта ў патрэбную каляіну).

З 2025 на 2026 год я пісаў другую ў сваім жыцці дыпломную працу. Першую — у 2001-м, і як там было наконт мэт/задач і аб'екта/прадмета, не памятаю. Што ж да другой працы, то нешта я ўцяміў з Палажэння, нешта давёў мне кіраўнік. У выніку ў мяне склалася ўражанне, што фантазёры, якія майстравалі Палажэнне, мелі на ўвазе вось што: мэты — гэта што заўгодна на выбар аўтара работы (з улікам яе тэмы, вядома ж), а задачы — гэта шляхі і этапы дасягнення мэт; аб'ект даследавання — гэта, зноў жа, што аўтар лічыць патрэбным для раскрыцця тэмы, а прадмет — гэта складнікі аб'екта.

Напрыклад, у маёй працы на тэму «Псіхалагічныя заканамернасці і стратэгіі самарэалізацыі ў журналісцкай дзейнасці» адна з мэт была сфармулявана як «аналіз псіхалагічных аспектаў прафесійнай дзейнасці сучаснага журналіста», а з яе выцякала задача «прааналізаваць псіхалагічныя аспекты прафесійнай дзейнасці сучаснага журналіста тэарэтычным (вывучэнне навуковай літаратуры) і эмпірычным (вывучэнне працы канкрэтных людзей у медыясферы) шляхам». Мэта — аналіз, задача — прааналізаваць! Гэта геніяльна, праўда?! Вяршыня прагрэсу навуковай думкі! З глыбіні стагоддзяў, з цемры забабонаў, скрозь вогнішчы інквізіцыі чалавецтва настойліва і гераічна ішло да таго, каб нарэшце зразумець, што аналіз — гэта аналізаванне, працэс правядзення аналізу!

Вядома ж, маю працу нельга разглядаць як усёабдымны, на 100% тыповы прыклад. У розных галінах навукі і пры распрацоўцы розных тэм могуць складвацца розныя варыянты суадносін мэт і задач. Але агульны прынцып, мабыць, такі: мэта — гэта мэта, а задача — дасягнуць мэты. Давайце зноў прывяду пісьменніцкую аналогію. Праецыруючы на сваю творчасць патрабаванні да афармлення курсавых і дыпломных работ, пісьменнік, які думае пра напісанне кнігі, мог бы сказаць, што яго мэты — праславіцца, даказаць усім сваю таленавітасць і зарабіць на продажах будучай кнігі, а задачы — сабраць інфармацыю для напісання кнігі, пракансультавацца з абазнанымі людзьмі па вузкаспецыяльных пытаннях, якія будуць закранутыя ў кнізе, скласці план напісання кнігі, выканаць гэты план, знайсці каналы продажу кнігі, прадаць кнігу.

Цяпер наконт аб'екта і прадмета. У маёй дыпломнай працы аб'ект даследавання — «прафесійная дзейнасць журналістаў у сучасных масмедыя», а прадмет — «псіхалагічныя заканамернасці і індывідуальныя стратэгіі самарэалізацыі, якія праяўляюцца ў працэсе стварэння журналісцкіх матэрыялаў». Гэта значыць: журналісты працуюць, я іх працу даследую, яна — аб'ект; у працэсе працы журналістаў праяўляюцца нейкія іх псіхалагічныя асаблівасці і ўжываныя імі прынцыпы выканання службовых абавязкаў, і менавіта гэтыя асаблівасці і прынцыпы я даследую, яны — прадмет.

Яшчэ адна пісьменніцкая аналогія. Аўтар задумаў раман пра нешчаслівае каханне. Аб'ектам адлюстравання стане няўдалае каханне галоўных герояў, а прадметам — унутраны свет галоўных герояў, умовы жыцця галоўных герояў, збегі неспрыяльных абставін у жыцці галоўных герояў. Прадмет у дадзеным выпадку — сукупнасць фактараў, якія абумовілі лёс аб'екта.

Навошта ж адукацыі і навуцы ўсё гэтае словаблудства? Па-першае — каб узмацніць ілюзію значнасці, сур'ёзнасці такога бескарыснага занятку, як напісанне курсавой, дыпломнай работы (у тым, што гэта бескарысны этап навучання, няма сумневу: шмат якія студэнты пішуць работы пры дапамозе ШІ або купляюць, г.зн. самі не ствараюць — і нічога страшнага не здараецца, заканчваюць універсітэты, атрымліваюць дыпломы, працуюць, будуюць кар'еру, робяцца кіраўнікамі). Па-другое — каб надаць навуцы загадкавасці, элітарнасці, схіліць масы да ўспрымання яе як сферы для абраных. Па-трэцяе — каб умацаваць бар'ер паміж навукай і рэальным жыццём, адштурхнуць ад навукі масы (іначай набегла б шмат ахвочых пісаць дысертацыі, і большасць пісала б паспяхова, і на ўсіх не хапіла б лаўраў вялікіх вучоных). Па-чацвёртае, па-пятае, па-шостае... Працягвайце пералік самі, думаю, ён можа атрымацца доўгім.

Парадак вядзення навуковых даследаванняў, да якіх адносяцца ў тым ліку студэнцкія працы, павінен быць максімальна простым, празрыстым, адназначным, заснаваным на здаровым сэнсе, — каб аўтар сапраўды штосьці даследаваў і рашаў практычныя задачы. Нагрувашчванне ўскладненых, застрашвальных, прэтэнцыёзных фармуліровак адцягвае ўвагу, аддаляе ад сутнасці даследчыцкай дзейнасці, прымушаючы аўтара не столькі рухацца да мэты, колькі выконваць фармальнасці і ўшаноўваць догмы.

© Сяргей Абрамовіч, 2026

_____