Калі вы гаворыце на рускай мове і хочаце авалодаць беларускаю, г.зн. дастаткова ўпэўнена гутарыць і пісаць на ёй, а не проста ўмець павітацца ды ведаць два-тры каларытныя, самабытныя словы, то дасягнуць гэтай мэты вам не дапамогуць ніякія курсы, рэпетытары і падручнікі. Лёгка гаварыць па-беларуску вы здолееце толькі ў выніку працяглай працы над сабою, і аснова гэтай працы — узбагачэнне слоўнікавага запасу.
Ці дасць рады муляр, якім бы высакакласным ён ні быў, пабудаваць цагляны дом, маючы толькі штук дзесяць цаглін? Тое самае і з вывучэннем мовы: можна зразумець і запомніць правілы граматыкі, але як гаварыць, калі не ведаеш слоў? Рэпетытар уцямна растлумачыць вам структуру мовы, але тысячы беларускіх словаў са сваёй галавы ў вашу ён не ўкапіпасціць — запомніць іх павінны вы самі.
Дзякуючы роднасці беларускай і рускай моў рускамоўны чалавек здольны больш-менш поўна спасцігнуць сэнс беларускага маўлення ці тэксту: пра значэнне незразумелых слоў дапамогуць здагадацца суседнія з імі зразумелыя. Таму, каб авалодаць беларускай моваю, прыдбайце тлумачальны і перакладныя (беларуска-рускі і руска-беларускі) слоўнікі і, трымаючы іх напагатове, чытайце беларускамоўную мастацкую літаратуру, слухайце беларускае маўленне: словы будуць запамінацца, а правілы спалучэння іх паміж сабою (скланенне, спражэнне і інш.) — засвойвацца неўсвядомлена, інтуіцыйна. З перакладамі і тлумачэннямі праз штучны інтэлект будзьце асцярожнымі: ён часам выдае лухту.
Калі адчуеце, што гаворыце па-беларуску ўпэўнена (у тым сэнсе, што не шукаеце доўга патрэбныя словы), прачытайце беларускую граматыку або, калі не шкада грошай, звярніцеся да рэпетытара, каб праверыць свае веды, папрацаваць над цяжкасцямі, запоўніць прабелы.
Плануючы вывучэнне мовы (падбіраючы літаратуру, шукаючы відэа- ці аўдыяканалы для праслухоўвання маўлення), улічвайце вось які нюанс. У беларускім грамадстве існуе не надта выразны, але часам заўважны раскол на глебе адносін да такіх паняццяў, як самабытнасць і чысціня мовы. Некаторыя знаўцы беларускай мовы перакананыя, што яе акадэмічныя нормы (г.зн. той варыянт лексікі і ўсялякіх правілаў, які вывучаюць дзеці ў школе) зламысна адарваныя ад жывой (народнай) гаворкі, стэрылізаваныя і русіфікаваныя за гады савецкай улады. Прыхільнікі гэтага пункту гледжання выкарыстоўваюць старыя (сёння афіцыйна не дзейныя, не прызнаныя на дзяржаўным узроўні) варыянты правапісу, адступаюць ад акадэмічнай граматыкі, выкалупваюць з літаратуры ўсялякія каларытныя слоўцы на замену тым, якія ў беларускай мове сугучныя з рускімі, пры адсутнасці такіх замяняльнікаў запазычваюць іх з польскай ці ўкраінскай мовы, а то і ўвогуле прыдумляюць што-небудзь сваё. З дугога боку, асобныя абаронцы акадэмічных нормаў кідаюцца ў рэтраградства і дэманструюць вузкалобасць, адпрэчваючы эвалюцыю мовы, ігнаруючы відавочныя і няўмольныя тэндэнцыі яе развіцця, мёртва трымаючыся за безнадзейна ўстарэлыя словы, нормы і традыцыі.
Каб пры засваенні беларускай мовы не апынуцца паміж молатам і кавадлам замшэлых дагматыкаў і шалёных рэфарматараў, я раю спачатку вывучыць акадэмічныя нормы, а далей пакрысе, між іншым, дзеля цікаўнасці, прыглядацца да альтэрнатыўных варыянтаў і карыстацца моваю (гаварыць, пісаць) спакойна, разняволена, так, як падказвае інтуіцыя, як хочацца, — гэта будзе ваш індывідуальны стыль гаворкі і пісьма, ваш маўленчы партрэт.
Бясплатную і талковую кансультацыю па якіх-небудзь складаных пытаннях, што ўзнікаюць пры самастойным вывучэнні беларускай мовы, можна атрымаць у мяне (падрабязнасці — тут).
© Сяргей Абрамовіч, 2026