Кансультацыя рэдактара. Бясплатна

Пісьменны, адказны, дасведчаны, высокакваліфікаваны рэдактар з філалагічнай і журналісцкай адукацыяй (два дыпломы — аб вышэйшай адукацыі і аб перападрыхтоўцы на базе вышэйшай). З 2004 года ў друкаванай прэсе, з 2016-га — тэкставы блогер паралельна з асноўнай працай. Падрыхтаваў да выдання дзевяць (па стане на кастрычнік 2026 года) кніг (не свае): вычытаў, звярстаў, вёў перамовы з выдавецтвамі ад імя аўтараў. У выніку маіх зваротаў адзін вытворца харчовай прадукцыі змяніў няправільны надпіс на ўпакоўцы тавару, а міністэрства (канкрэтна не называю праз этычныя меркаванні) прыдумала іншую назву для асветніцка-практычнай акцыі, якую яно штогадова праводзіць, каб папулярызаваць сферу сваёй дзейнасці.

Пры ўсіх маіх вышэйпералічаных якасцях, рэгаліях і дасягненнях я бясплатна кансультую як рэдактар. Але працую не з усімі, а толькі з тымі, хто мне цікавы. Хтосьці піша кнігу, да тэмы якой я неабыякавы; хтосьці рыхтуе грамадска значны артыкул, у якім выказвае меркаванні, сугучныя маім; нейкі аўтар сімпатычны мне як асоба... Ва ўсіх вышэйзгаданых і некаторых іншых выпадках я гатовы, калі буду мець вольны час, дапамагчы аўтару ў падрыхтоцы тэксту. А таксама ахвотна пагаджуся на пастаянную працу (мае ўмовы: заробак не ніжэйшы за 3000 рублёў, сацыяльныя гарантыі), бо на цяперашняй з 2007 года выгарэў.

Працую з наступнымі тыпамі тэкстаў: проза; паэзія; публіцыстыка; навуковыя працы (любая галіна); дзелавая перапіска; іскавыя заявы, водгукі на іскавыя заявы, выступы ў судзе (апошнія тры з вышэйпералічаных тэкстаў у ідэальным варыянце павінен складаць адвакат, але калі рэдактар адшліфуе іх з літаратурнага пункту гледжання — надасць псіхалагічнай глыбіні і крыху вобразнасці, — то тэксты атрымаюцца больш пераканаўчымі і дзейснымі).

Мае кантакты — тут.

© Сяргей Абрамовіч, 2026