02.11.2026

Выданне кніг у Беларусі за грошы аўтара

(Ніжэйпрыведзеныя звесткі актуальныя на кастрычнік 2026 года. Пазней сітуацыя можа змяніцца. А можа і застацца ранейшаю.)

Я дапамог выдаць ужо дзевяць кніг (першую — у 2017 годзе) розным людзям: рэдагаваў, карэкціраваў (магчыма, вам больш даспадобы слова «карэктаваў», але я аддам перавагу акадэмічнай форме), вярстаў (г.зн. рыхтаваў на камп'ютары канчатковы варыянт, які заставалася толькі надрукаваць у тыпаграфіі і пераплесці), падбіраў выдавецтва, вёў перамовы з ім ад імя аўтара, а калі наставаў час складаць дамову, адыходзіў, бо патрэба ў маёй дапамозе адпадала.

Як жа выдаць у Беларусі кнігу за свае грошы? У агульных рысах — вось як: пашукаць у інтэрнэце выдавецтвы, вывучыць іх сайты; патэлефанаваць або напісаць у тыя выдавецтвы, што зацікавілі вас, і вызначыць варыянт, найбольш прымальны ў плане кошту і тэрміну; далей адправіць у выбранае выдавецтва рукапіс, але не ў класічным разуменні (стос спісаных алоўкам аркушаў), а ў выглядзе камп'ютарнага тэкставага файла; і пасля рабіць, што скажуць: падпісваць дамову, чакаць пробнага экзэмпляра (яго могуць называць сігнальным, пілотным, кантрольным, тэставым і спрачацца пра сэнсавыя адценні гэтых тэрмінаў), чытаць пробнік і адзначаць, што не задавальняе ў афармленні, выпраўляць заўважаныя памылкі — карацей, дзейнічаць/бяздзейнічаць па сітуацыі.

Далей разгледзім некаторыя нюансы.

Кніга можа быць юрыдычна не кнігаю

Калі вы надумалі выдаць кнігу не дзеля заробку і не дзеля славы, а толькі жадаючы раздаць сябрам і родным на добрую памяць свае опусы, змацаваныя самавітым фабрычным пераплётам, то можаце проста надрукаваць рукапіс у тыпаграфіі — ажыццяўленне такой задумкі абыдзецца значна танней, але атрыманы ў выніку друкаваны выраб юрыдычна не будзе лічыцца кнігаю, фармальна гэта будзе тое самае, што надрукаваць на прынтары і змацаваць аркушы якою-небудзь канцылярскай папкаю.

Калі ж вы імкняцеся атрымаць афіцыйны статус аўтара кнігі, то падчас перамоў з выдавецтвам папярэджвайце: хачу выдаць кнігу з прысваеннем ISBN (гэта міжнародны нумар, унікальны для кожнай кнігі). Заплаціць у такім разе давядзецца больш, затое ваша выданне трапіць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Нацыянальную кніжную палату і Прэзідэнцкую бібліятэку: гэта закон — рассылка выдавецтвамі абавязковых экзэмпляраў.

Колькі плаціць?

На сайтах шмат якіх выдавецтваў ёсць калькулятар кошту: уводзіце пажаданы тыраж, тып вокладкі, фармат (шырыня і вышыня старонкі) і іншыя параметры — і бачыце прыкладны цэннік, на які вам неабходна арыентавацца. Але ў калькулятары могуць трапіцца незразумелыя тэрміны з кнігавыдавецкай сферы, таму не выключана, што ўсё ж давядзецца патэлефанаваць або напісаць, каб даведацца кошт.

Як зрабіць танней?

Адзін з этапаў падрыхтоўкі кнігі да друку — вёрстка: вярстальшчык на камп'ютары стварае макет, гэта значыць робіць кнігу ў электроннай форме — задае колькасць старонак, шырыню палёў, параметры шрыфту, міжрадковыя інтэрвалы, устаўляе ілюстрацыі... Звярстаны макет можна выводзіць на друк — з друкавальнага станка сыдуць старонкі вашай будучай кнігі.

Звычайна выдавецтвы бяруць за вёрстку грошы (ведаю адно, якое не бярэ) — за кошт гэтага цэннік вырастае. Калі ж у вас ёсць каму звярстаць уласнымі сіламі (вёрстцы дасць рады любы ўпэўнены карыстальнік камп'ютара), то выданне кнігі можна зрабіць больш танным, даўшы выдавецтву не рукапіс, а гатовы макет.

Аналагічная сітуацыя з паслугамі рэдактара (ён правярае тэкст на лагічнасць, стылёвую дасканаласць, наяўнасць фактычных супярэчнасцей і г.д.) і карэктара (правярае тэкст на наяўнасць арфаграфічных, пунктуацыйных, граматычных памылак, апісак): можаце знайсці свайго рэдактара і карэктара, можаце скарыстацца паслугамі адпаведнага спецыяліста са штату выдавецтва. А можаце абысціся без іх, пра што распавяду ў наступным раздзеле.

Майце на ўвазе, што нават калі з вашым рукапісам папрацуюць рэдактар і карэктар, гэта не гарантуе высокай якасці тэксту: нярэдка кнігі нават у паважных выдавецтвах выходзяць з вялікай колькасцю памылак і ляпсусаў (а я пасля такія неахайна зробленыя выданні востра крытыкую). Не надта давярайце і штучнаму інтэлекту, ён часта хібіць.

Таксама на кошт выдання кнігі ўплывае яе фармат. Старонкі друкуюць на вялізных аркушах, якія пасля разразаюць. Пры выкарыстанні некаторых фарматаў застаецца шмат папяровых адкідаў, г.зн. фрагментаў вялікага аркуша, на якіх недастаткова месца для старонкі. Ва ўсіх выдавецтвах, з якімі я меў справу, самым ашчадным для кнігі вершаў ці прозы мне называлі фармат 145 на 200 мм (14,5 на 20 см), г.зн. пры такіх памерах старонкі аркуш выкарыстоўваецца максімальна эфектыўна, адкідаў атрымліваецца мінімум.

Рэдактура

У выпускных дадзеных кнігі (усялякая тэхнічная інфармацыя дробным шрыфтам на апошняй старонцы) звычайна пазначаюць імя рэдактара, г.зн. чалавека, які вычытваў і рэдагаваў тэкст. А што, калі такога чалавека не было (аўтар не знайшоў ахвочага аказаць такую паслугу, пашкадаваў грошай на яе аплату, не даверыў пабочным асобам калупацца ў сваіх тэкстах)?

У маёй практыцы розныя выдавецтвы па-рознаму рэагавалі на адсутнасць рэдактара. Адно без лішніх слоў надрукавала кнігу як ёсць — радок пра рэдактара ў выпускных дадзеных адсутнічаў, хаця гэта было афіцыйнае выданне, з ISBN. Іншае напісала: «Кніга надрукавана ў аўтарскай рэдакцыі». Адзін выдавец заўпарціўся: без рэдактара не вазьмуся — і тады пазначылі рэдактарам мяне (фактычна так і было, я тую кнігу вычытваў). Пазней з тым выдаўцом узніклі праблемы, ад яго паслуг давялося адмовіцца, кнігу выдаў іншы суб'ект, але маё імя як рэдактара ў ёй засталося.

Розныя падыходы да «праблемы рэдактара» ў вышэйпрыведзеных сітуацыях абумоўлены юрыдычнымі тонкасцямі, у якія тут заглыбляцца не буду.

Не чакайце справядлівасці і ўдзячнасці

Магчыма, для вас выданне ўласнай кнігі — гэта спосаб прызнацца ў бязмежнай любові да людзей і жыцця. Але не цешцеся ілюзіямі, не спадзявайцеся, што гэтыя ўзвышаныя памкненні сустрэнуць шчыры водгук у кнігавыдаўцоў. Кнігавыданне — гэта бізнес, кнігавыдаўцы — бізнесмены, вы для іх — кашалёк, з якога яны паспрабуюць выцягнуць як мага больш грошай.

Акрамя таго, кнігавыдавец дзейнічае ў заканадаўчых рамках і перасцерагаецца, каб не зазнаць праз чыю-небудзь кнігу ліха. Напрыклад, вы можаце сфантазіраваць які-небудзь мудрагелісты дызайн, насваволіць са шрыфтамі, інтэрваламі, палямі (задумаць іх рознымі на розных старонках), а выдаўцу вашыя выкрутасы ўбачацца парушэннем тых ці іншых нарматыўных прававых актаў у сферы паліграфічнай дзейнасці, і ён запатрабуе ўніфікаваць тэкст.

Павярхоўны, малапісьменны менеджар выдавецтва можа заявіць, што заўважыў у вашым тэксце граматычную памылку, і вам давядзецца пераконваць офіснага ёлупня, што гэта не памылка.

Такім чынам, беручыся за выданне кнігі, будзьце гатовыя спусціцца з рамантычных вышыняў на грэшную зямлю.

© Сяргей Абрамовіч, 2026