Калі ехаў на пачатку мая са свайго гарадка машынаю ў Мінск у працяглую камандзіроўку, абапал дарогі ўсё было шэрае — і зямля, і лясы. А душа спявала: месяц у сталіцы — праганю нуду, згадаю праведзеныя тут студэнцкія гады, нацешуся чысцінёю вылізаных вуліц, велічнасцю і мудрагелістасцю архітэктуры, камфортам побыту.
Прыехаў. Жыў, радаваўся, забываў беспрасветнасць свайго існавання.
Праз паўтара тыдня тэрмінова спатрэбілася на пару дзён вярнуцца. Садзіўся за руль злосны: перапынілі мне асалоду. Да трасы поўз гадзіну: вечар пятніцы — горад узяў курс на вёску. А калі нарэшце вырваўся, захапіла дух: жоўтае рапсавае поле і светлая, чыстая, яскравая зеляніна яшчэ не да канца, але ўжо рашуча разгорнутай лістоты. Быццам са зняволення ўцёк.
Жыву так, колькі сябе памятаю: правінцыя прыгнятае, горад захапляе, па вяртанні з яго радуе прырода, а пасля зноў вабіць шматпавярховасць.
© Сяргей Абрамовіч, 2026