29.06.2026

Біблія — школа атэізму

У маім савецкім дзяцінстве я чуў ад дарослых, што на небе жыве Бог, што ён карае за грахі і што пра яго нельга нікому гаварыць, бо могуць выгнаць са школы, а бацькоў — з працы (немаўлём мяне, як гэта шмат хто тады рабіў, таемна пахрысцілі ў царкве). Было яшчэ некалькі забабонаў накшталт таго, што нельга пляваць у правы бок, а можна толькі ў левы, бо чалавека заўсёды і ўсюды каля правай рукі суправаджае анёл, а каля левай — чорт. Я верыў ва ўсю гэтую лухту, адначасова абагаўляў Леніна і ганарыўся тым, што з'яўляюся «октябрёнком»*.

Ідэалагічная антыномія (у псіхіку мне ўціснулі дзве супрацьлеглыя ідэі і прымусілі шанаваць абедзве) уздзейнічала на фарміраванне маёй асобы разбуральна — выкліка́ла пачуццё віны невядома перад кім невядома за што, няўпэўненасць у сабе і іншыя хваравітыя рэакцыі нервовай сістэмы. Не, супрацьлеглых ідэй было нават не дзве, а тры: я бачыў, што і таемныя вернікі, і прапагандысты высокіх камуністычных ідэалаў маральнай чысцінёю не вызначаюцца — мацюкаюцца, п'юць, кураць, хлусяць, крадуць і г.д., карацей, адны загадваюць не грашыць, шанаваць Бога і баяцца камуністаў, другія — проста жыць сумленна і не верыць у Бога, але і тыя, і гэтыя самі і грашаць, і званне камуніста ганьбяць — значыць, не прызнаюць ні Бога, ні КПСС.

У падлеткавым узросце зрабілася лягчэй: партыя на той час незваротна дыскрэдытавала сябе, СССР здэградаваў, і я спакойна верыў у хрысціянскага Бога. Знешне гэтага не выяўляў: царкву рэгулярна не наведваў (пару разоў зазірнуў дзеля цікаўнасці), некаторы час насіў крыжык на шыі, але адмовіўся ад гэтай завядзёнкі, бо ланцужок замінаў — блытаўся, рваўся. Разам з тым я слухаў па радыё перадачы Сёкі Асахары (японскі сектант будысцкага кшталту, пазней яго пакаралі смерцю за арганізацыю тэрактаў у такійскім метро), выразаў з прэсы і ўклейваў у альбом публікацыі пра экстрасэнсаў і іншапланетнікаў, наведваў у школе гурток па астралогіі.

На першым курсе ўніверсітэта ў нас быў прадмет «Уводзіны ў славянскую міфалогію» (вучыўся я на філфаку БДУ). Выкладчыца гэтай дысцыпліны задала прачытаць дзіцячы варыянт Бібліі, каб, не трацячы часу на поўны, у агульных рысах атрымаць уяўленне пра хрысціянства. Дзеля здачы заліку я заданне выканаў, але, маючы схільнасць да перфекцыянізму, купіў у краме «Праваслаўная кніга» поўны варыянт (трапіўся мне на рускай мове з дарэвалюцыйнай граматыкай) і ўзяўся ўдумліва, па некалькі старонак за дзень, чытаць. Скончыў гады праз два (кніга паважнага аб'ёму, на папяроснай паперы, Стары і Новы запаветы сумарна без малога 1200 старонак, плюс усялякія дадаткі ды каментарыі).

Біблія
Тая самая купленая мною на першым курсе Біблія.

Біблія
Вось такая яе таўшчыня.

Біблію мне тады пашчасціла набыць кананічную — саму правільную, боганатхнёную, нескажоную з пункту гледжання Праваслаўнай царквы. Бачыў, напрыклад, у аднаго пяцідзясятніка іншы варыянт — напісаная ўжо сучаснай граматыкай, таксама поўная, але месцамі, як мне здалося, спрошчаная ў параўнанні з маёй, а месцамі дапоўненая ўстаўкамі ад рэдактараў (я не спецыяліст па рэлігійных тэкстах, таму гэта ўсё мае меркаванні, уражанні). Прывяду прыклады спрашчэння і рэдактарскай адсябечыны (калі прымаць кананічны варыянт за першакрыніцу, а бачаны мною варыянт пяцідзясятніка разглядаць як адступленне ад яе).

Спрашчэнне. У кананічнай Бібліі сустракаюцца фармуліроўкі накшталт «і сказаў Гасподзь, кажучы», «і пайшоў Маісей, ідучы», а ў варыянце пяцідзясятніка напісана проста: «Бог сказаў», «Маісей пайшоў».

Рэдактарскія ўстаўкі. У скініі (памяшканне для богаслужэнняў) гарэў агонь, запалены самім Богам, і Бог сказаў людзям, каб не прыносілі сюды ніякага іншага агню. Два сыны святара ўвайшлі ў скінію са сваім агнём (ці то з паходнямі, ці то з лампадамі, не памятаю), і праз некаторы час іх знайшлі там нежывымі. У кананічным варыянце гэтыя падзеі выкладзены так, як зрабіў вышэй я: проста канстатаваныя факты, што была скінія, быў у ёй боскі агонь, нельга было прыносіць ніякі іншы, хтосьці забарону парушыў і быў знойдзены памерлым, — і гэты сюжэт выглядае загадкава, містычна, дае прастору для фантазіі, высоўвання гіпотэз (я, напрыклад, разважаў: можа, у аснову расповеду пра скінійны агонь пакладзена рэальнае здарэнне, якое адбылося з той прычыны, што ў памяшканні быў нейкі асаблівы склад паветра, у захаванні балансу яго кампанентаў адыгрывала ролю полымя пэўнай магутнасці, а дадатковае полымя парушыла раўнавагу — і ў паветры з'явіўся ядавіты газ). У варыянце пяцідзясятніка адпаведны фаргмент выкладзены з тлумачэннем накшталт «і ўвайшлі яны са сваім агнём, і ўгнявіўся Бог, і пазбавіў іх жыцця за тое, што яны парушылі яго забарону» — гэта ўжо гучыць прымітыўна, наіўна, павучальна-выхавальна: Бог пакараў непаслухмяных, так што слухайцеся, іначай і вас пакарае.

Нягледзячы на тое, што Біблія — таўсценная кніга, складзеная з тэкстаў, напісаных у розныя стагоддзі, у ёй можна прасачыць агульны сюжэт (цэнтральную сюжэтную лінію). Схематычна (падкрэсліваю: схематычна, спрошчана) вось ён: Бог стварыў свет і людзей; людзі сталі пладзіцца, разышліся па планеце — і ўзнікла шмат народаў; яўрэі шанавалі Бога, а астатнія народы адхіліліся ад боскіх запаветаў і сталі жыць абы-як — распуснічаць, займацца чарадзействам, пакланяцца ідалам і г.д.; Бог зненавідзеў народы, якія адхіліліся ад яго, а народу, які працягваў выконваць яго запаветы, даручыў усе астатнія народы знішчыць і стаў дапамагаць, садзейнічаць у войнах супраць іх; заканчваецца Біблія прароцтвамі пра будучыню чалавецтва.

Іншымі словамі, Біблія — проста фантастычная версія сусветнай гісторыі, вельмі далёкая ад гісторыі рэальнай. Прэтэндаваць на тлумачэнне сутнасці ўніверсуму (усяго існага) і, у прыватнасці, сэнсу чалавечага жыцця гэтая кніга не можа. Да Бога яна мае толькі тыя адносіны, што ён з'яўляецца яе галоўным героем, цэнтральным персанажам. Гэта, прачытаўшы яе, зразумее кожны, хто самастойна думае. Зразумеў і я.

Асіліць Біблію з прычыны яе вялізнага аб'ёму здолеюць далёка не ўсе. Святары падчас богаслужэнняў або ў асабістых зносінах з вернікамі і атэістамі цытуюць гэтую кнігу. Цытаты могуць гучаць унушальна, загадкава, узнёсла, павучальна — карацей, даваць пажыву для роздуму. Але гэта проста прыгожыя словы, выхапленыя з велічэзнага і мудрагелістага масіву сюжэтаў і ідэй. Нядзіўна, што царкоўнікі ў старажытнасці былі супраць перакладу Бібліі на мовы розных народаў — хацелі працягваць дурыць людзям галовы цытатамі і захоўваць манаполію на валоданне поўным зместам гэтай кнігі.

Калі мне даводзіцца гутарыць з кім-небудзь пра рэлігію, я заўсёды кажу, што зрабіўся атэістам, прачытаўшы Біблію, і коратка пераказваю вышэйпрыведзеныя тэзісы. Неяк адзін чалавек пасля такога майго расповеду зыранізаваў: «Ты хрысціянскі атэіст, а каб зрабіцца атэістам поўным, усебаковым, стопрацэнтным, табе трэба прачытаць яшчэ па меншай меры Каран і Веды і па выніках чытання прыйсці да тых самых высноў, што і пасля вывучэння Бібліі». Гэта прагучала дасціпна. Але жарты жартамі, а я болей ні на якія рэлігійныя кніжкі не збіраюся марнаваць свой час і застаюся атэістам (дзякуй богу**, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дазваляе вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, а таксама выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, гл. арт. 31).

_____

* У СССР навучэнцаў малодшага школьнага звяна прымалі ў дзіцячую грамадскую арганізацыю, члены якой зваліся па-руску словам «октябрята» (ад рускамоўнай назвы кастрычніка). Як сказаць гэта па-беларуску, не ведаю. Кастрычаняты? Фармальна кастрычаняцкая арганізацыя з'яўлялася падраздзяленнем піянерскай, куды прымалі дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту.

** Некаторыя людзі пішуць слова «бог» заўсёды з вялікай літары, незалежна ад кантэксту, і тым самым парушаюць правілы, зацверджаныя Законам Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У складзе ўстойлівых спалучэнняў («дзякуй богу», «не дай бог», «божа мой» і інш.) гэтае слова трэба пісаць з малой літары.

© Сяргей Абрамовіч, 2026