У акадэмічнай энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (выходныя дадзеныя гл. у канцы артыкула) на стар. 280 знаходзім наступныя звесткі пра Купалле: «У старажытнасці было прымеркавана да летняга сонцастаяння, святкавалася ў гонар сонца, якое ў гэты час дасягала свайго апагею».
Летняе сонцастаянне ў Беларусі прыпадае звычайна на 21 чэрвеня, часам на суседнія даты, але Купалле ў нашы дні масава адзначаюць ноччу з 6 на 7 ліпеня, калі працягласць дня ідзе на спад (хаця ёсць і прыхільнікі чысціні традыцый, яны прывязваюць святкаванне да астранамічных рэалій). Чаму?
Перамяшчэнне свята адбылося з прычыны ўмяшання царквы ў духоўнае жыццё народа. 7 ліпеня гэты рэлігійны інстытут ушаноўвае персанажа сваёй міфалогіі Яна (Іаана) Хрысціцеля. Даце 7 ліпеня паводле грыгарыянскага календара ў юліянскім адпавядае 24 чэрвеня. Інтэрнэт-крыніцы сцвярджаюць, што спачатку Купалле праз намаганні царквы сінтэзавалі з ушаноўваннем Яна і перасунулі на 24 чэрвеня, а пасля пераходу на юліянскі каляндар сталі адзначаць 7 ліпеня. Відавочна, менавіта таму ў назве свята фігуруе нейкі Іван па мянушцы Купала: Купалле сёння часта называюць Іванам Купалам, да таго жа яшчэ праз недасведчанасць не скланяюць другую частку наймення, вымаўляюць «на Івана Купала», «пасля Івана Купала», «перад Іванам Купала» і г.д. (толькі не кажыце, што гэта ўсе Гогаля чыталі і прынцыпова паўтараюць ужытую ім граматычную форму).
Такім чынам, калі вы хочаце адзначаць Купалле менавіта як Купалле, язычніцкае свята, прызначанае для ўшанавання сонца як сімвала жыцця ў супрацьвагу ночы як сімвалу смерці, то кладзіце вогнішча з 20 на 21 чэрвеня. А з улікам даступнасці сучаснаму чалавеку дакладнай інфармацыі пра даўжыню любога дня і любой ночы гэтую дату можна разглядаць як рухомую ў розныя гады на +/- 1 дзень.
© Сяргей Абрамовіч, 2026
_____
У публікацыі выкарыстана навуковая крыніца Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. Мінск, «Беларуская савецкая энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1989.
