06.07.2026

Настальгія па шыбеніцы

Вясковая вуліца
Будка-Шыбенка. Дарога праз лес вядзе да шашы. Фотаздымак дзесьці 2015 года.

Мая малая радзіма па мацярынскай лініі — вёска Будка-Шыбенка Рэчыцкага раёна. Акружана лесам. Мела пад сотню двароў, сёння засталося некалькі, пераважна лецішчы. Апошні раз я гасцяваў тут дзесьці ў 2015-м і болей наўрад ці пабуду, хіба на Радаўніцу — транзітам да могілак.

Вясковая вуліца
Калодзеж, лаўка і стол каля нашай сядзібы (хата на заднім плане чужая). Фотаздымак дзесьці 2015 года.

Пра паходжанне назвы мой дзед Петрушэнка Сямён Адамавіч распавядаў вось якую байку. Некалі даўно тут была дзікая мясціна, лес, і стаяла шыбеніца — афіцыйная, аб'ект пенітэнцыярнай сістэмы, для выканання смяротных прысудаў. Каля шыбеніцы быў будан, у якім ці то жыў кат (шыбеннік), ці то захоўваўся якісьці яго службовы рыштунак. Пазней шыбеніцу прыбралі, а будан застаўся, і гэтую мясціну сталі называць «Будка шыбенніка». Яшчэ пазней тут узнік населены пункт, на які найменне мясціны перайшло ў крыху змененым выглядзе.

Дзед мой быў таленавітым прыдумшчыкам, спрабаваў складаць вершы (каб напоўніцу рэалізаваць літаратурныя здольнасці, яму, селяніну, не ставала адукацыі і часу), таму не выключаю, што вышэйпрыведзеная версія нясе больш ці менш выразны адбітак яго творчага мыслення: можа, цалкам прыдумаў, можа, паклаў у аснову нейкія вядомыя раней звесткі. Дзеля паўнаты карціны адзначу, што каля вёскі цекла рэчка Шыбенка, цяпер перасохлая.

Адрына
Рэшткі нашай адрыны. Фотаздымак дзесьці 2009 года.

Лес
Наш агарод межаваў з лесам. Фотаздымак дзесьці 2015 года.


На жаль, у гэтай вёсцы ў мяне нікога і нічога не засталося: родныя памерлі ці раз'ехаліся, хатай валодаюць іншыя людзі. А ў гады майго дзяцінства дзед ці то жартам, ці то сур'ёзна агітаваў мяне прыехаць сюды жыць, калі вырасту. Я ахвотна пагаджаўся, бо вёску гэтую любіў, наведваў з задавальненнем.

Праўда, баба адгаворвала, не хацела, каб я заганяў сябе ў беспрасветнасць аднастайных сялянскіх клопатаў. Казала: лепш есці хлеб з вадой і цукрам у горадзе, чым сала з мясам у вёсцы. Калі я быў студэнтам, павучала: зрабі ўсё дзеля таго, каб застацца ў горадзе, у аспірантуру паступі, жаніся на мінчанцы, вазьмі хоць разведзеную, хоць з дзіцем, хоць з двума — абы ў гэтае г... (так яна характарызавала вясковы лад жыцця) не ўлазіць. Да павучанняў я прыслухаўся часткова, а прапанаваны дзедам сцэнарый не рэалізаваў: словаблудам (навукоўцам-гуманітарыем) не зрабіўся, у прымы не падаўся, але і на зямлі не асеў, жыву ў райцэнтры на Віцебшчыне ды часам настальгічна згадваю вёску, пабудаваную на месцы шыбеніцы.

© Сяргей Абрамовіч, 2026