Спорту не люблю і не разумею (не валодаю тэрміналогіяй, не ведаю знакамітых асоб і г.д.), але дзеля грошай не пагрэбаваў ім: паспрабаваў нажыцца на футболе — гульні, у якой хоць штосьці петру.
Усталяваў на смартфон дадатак букмекерскай канторы, закінуў на рахунак тры рублі і пачаў рабіць рублёвыя-паўрублёвыя стаўкі на матчы, да заканчэння якіх застаецца 2-3 хвіліны: па ўсім свеце штодня гуляюць сотні камандаў, лік высвечваецца ў рэжыме рэальнага часу, верагоднасць яго змены на такім этапе мінімальная (абедзве каманды стаміліся, штурхаюць мяч адчапнога) — значыць, маю шанцы.
Стратэгія аказалася дзейснаю: большасць маіх ставак выйграла, за вечар з трох рублёў вырасціў дванаццаць (сумарна са стартавым капіталам — пятнаццаць). Праўда, вочы забалелі сляпіцца ў смартфон, і нервы ўсхадзіліся напружана чакаць выніку, баючыся, каб у апошнія секунды які-небудзь герой не забіў на захапленне заўзятарам нечаканы, неверагодны, але цалкам рэальны непажаданы для мяне гол. Вывеў на банкаўскую картку дванаццаць рублёў, тры пакінуў на развод.
Назаўтра працаваў па той самай схеме і за вечар зноўку меў пятнаццаць рублёў, збалелыя вочы і напятыя нервы (здаецца, забіў бы ці як мінімум абмацюкаў бы кожнага, хто трапіць пад руку). Зноў вывеў дванаццаць і вырашыў, што наступным разам забіраць выйгрыш не буду, а даганю за пару вечароў да дваццаці-трыццаці рублёў, далей пачну рабіць ужо двух-трохрублёвыя стаўкі і так у геаметрычнай прагрэсіі разбагацею, у мільянеры выб'юся.
Але назаўтра колькі ні сляпіўся, як ні хваляваўся-спадзяваўся, за вечар здабыў толькі тры рублі — разам са стартавымі трыма на рахунку ляжала шэсць.
Яшчэ праз дзень, а за ім і яшчэ адзін, сума не змянілася: палова ставак выйгравала, палова прагарала, канчатковы здабытак не падымаўся вышэй за шэсць рублёў, і ў рэшце рэшт я знясілена махнуў рукою, спыніў марныя спробы паўтарыць нядаўні поспех. Адно з двух: або ўдача мне здрадзіла, або букмекер раскусіў маю немудрагелістую хітрасць і ўжыў нейкія механізмы маніпулявання. Няўжо праўда: не жыў багата — няма сэнсу і пачынаць?
P.S. Я не здаюся — спадзяюся. Адпачну і працягну.
_____
* У адпаведнасці з акадэмічнымі нормамі сучаснай беларускай мовы дзяслоў «падмануць» у форме будучага часу трэцяй асобы мае канчатак -еш, які з'яўляецца націскным: «падмане́ш». Але на практыцы шырока распаўсюджаны ненаціскны -іш, і мне ён больш даспадобы.
© Сяргей Абрамовіч, 2026