Летнім днём з прадуктовай крамкі ў падвале старога цаглянага чатырохпавярховіка на ўскраіне зачуханага райцэнтрыка выйшла худая, бы трэска, па-хлапчукоўску стрыжаная, з тварам зямлістага колеру, ссутуленая цётка няпэўнага ўзросту ў выцвілых блакітных джынсах і не менш паношанай рознакаляровай спартыўнай кофце ды абшарпаных чорных гумовых шлёпанцах на босую нагу. У гэткіх самых, як твар, брудна-карычневых руках трымала пляшку чарніла і пірожнае: пойла — у правай, апушчанай уздоўж цела, абхапіўшы жменяю рыльца; закусь — у левай на ўзроўні жывата, на далоні, падклаўшы паперку, засцерагаючы ад падзення сагнутымі пальцамі.
Жвава кудысьці пакіравала, але спаткаўшы, відавочна, знаёмую ці сваячку, мажную, з разгорнутымі плячыма і ўпэўнена ўзнятай галавою, на якой пышна калыхалася завіўка, са светлым тварам і ясным позіркам, па-дзелавому апранутую, з дэрмацінавай жаночай сумкаю ў адной руцэ і важкім гастраномаўскім поліэтыленавым пакетам у другой, спынілася, голасам курца павіталася і папрасіла:
— Дай рубля, на хлеб не хапіла.
Патэнцыяльная дабрачынніца запаволіла хаду, штосьці безынтанацыйна мармытнула і паспяшалася далей.
— На хлеб, кажу, трэба, не глядзі, што ў мяне ў руках, гэта не мне! — варожа і патрабавальна гукнула просьбітка, зрабіўшы некалькі крокаў у адным напрамку з тою, ад каго чакала спагады.
Не атрымаўшы рэакцыі на свой аргумент, спынілася, пажадала паскудзе здохнуць і магутна плюнула ўслед — буйныя пырскі белай пеністай сліны вылецелі воблакам, абсыпалі бессардэчнай спіну, рукі і валасы, абагналі збакоў і над галавою. Ад раптоўнай напругі ўсяго цела ў момант пляўка пальцы сціснуліся і раздушылі пірожнае, паміж іх вылез крэм.
Сапсаваны ласунак гаротніца не выкінула — пакрочыла далей, далікатна трымаючы перад сабою прыгаршню кандытарска-папяровай масы.
Апляваная не азірнулася.
© Сяргей Абрамовіч, 2026