З прыкрасцю назіраю тэндэнцыю перацягваць націск у прозвішчах (і, дарэчы, у геаграфічных назвах: гл. маю публікацыю пра Лунінец і Камянец) на першы склад з другога і далейшых насуперак нормам літаратурнай мовы і традыцыям. Такога скажэння зазнаю́ць ужо не толькі прозвішчы «жывёльнага паходжання» (Казёл — Козел), але і семантычна нематываваныя, без відавочнага сэнсу. Аднойчы, напрыклад, я быў сведкам, як нейкі стары зануда на масавым мерапрыемстве ў Оршы, дарваўшыся да мікрафона, некалькі разоў згадаў легендарнага лётчыка Аляксандра Гараўца як Го́раўца (вядучы зноў і зноў папраўляў нягеглага прамоўцу, а той усё роўна нудзіў па-свойму: Горавец і Горавец).
Беларускі скульптар Заір Азгур пададзены ў некаторых інтэрнэт-крыніцах як А́згур, і гэта таксама няправільна. У прозвішчы гэтага дзеяча выяўленчага мастацтва націск падае на другі склад. Так казалі пры жыцці скульптара (памёр ён у 1995-м, а недарэчнае вымаўленне А́згур я ўпершыню пачуў у 2025-м — ад маладых журналістаў), і сам сябе ён называў Азгу́рам, што, у прыватнасці, вынікае з успамінаў яго сучасніка — пісьменніка Яна Скрыгана (пра націск у прозвішчы гэтага літаратара ніжэй таксама вяду гаворку).
Майстар формы і майстар слова сябравалі, і іх сяброўства знайшло адлюстраванне ў аповесці Скрыгана «Кругі» (ніжэй цытую яе паводле двухтомніка* выбраных твораў і прыводжу фотавыявы старонак). Калі літаратар першы раз у «Кругах» згадвае прозвішча скульптара (стар. 239), то пазначае націск — над літарай «у».
Наконт свайго прозвішча Скрыган прыгадвае ў тым самым творы, як калега па пяры Іван Мележ аднойчы назваў яго Скры́ганам і ён запярэчыў: «Не, — сказаў я [...]. Трошкі іначай — Скрыга́н» (стар. 344).
У каго-небудзь можа ўзнікнуць сумненне наконт таго, як скланяць прозвішча пісьменніка: Скрыга́на ці Скрыгана́, Скрыга́нам ці Скрыгано́м і г.д. Адказ на гэтае пытанне дае наступная цытата: «Я сказаў, што ў нашым сяле Труханавічах з гэткім націскам завуць усіх Скрыганоў» (стар. 344).
Такім чынам, націск у прозвішчы скульптара Заіра Азгура неабходна рабіць на «у» (правільна — Азгу́р, няправільна — А́згур), а ў прозвішчы пісьменніка Яна Скрыгана — на «а» (правільна — Скрыга́н, няправільна — Скры́ган).
© Сяргей Абрамовіч, 2026
_____
* Ян Скрыган. Збор твораў у двух тамах. Том першы: аповесць «Кругі». Мінск, «Мастацкая літаратура», 1985.

