Падабаецца мне гэтая адзінка лексікону падлеткаў, хаця ў цэлым не люблю інфантыльны дзіцяча-моладзевы жаргон. Але як змайстраваць адпаведнік па-нашаму?
«Закінутка»? Грувастка, ды яшчэ і калька. «Закідка»? Таксама калька, і ў семантыцы прысутнічае кампанент актыўнасці, мэтанакіраванасці, нібыта хтосьці штосьці знарок кудысьці закінуў (напрыклад, рыбак вуду), у той час як «заброшка» з'яўляецца вынікам пасіўнасці (пра будынак проста перасталі клапаціцца). Каларытна выглядае «занядбанка», але, на мой погляд, перадае сэнс не зусім дакладна, бо занядбанасць успрымаецца як часовая з'ява з перспектываю выпраўлення сітуацыі: аб'ект занядбалі, але яшчэ могуць вярнуцца і падбаць, а ад «заброшкі» адцураліся, хутчэй за ўсё, назаўсёды.
Дарэчы, адцураліся! «Адцуранка»? Не камічна гучыць? Трэба падумаць. Адцурацца таксама можна часова (як і занядбаць), але мяркую, што дадзенае слова мае адценне незваротнасці: адцурацца — значыць, без намеру вяртання.
Беларускамоўны адпаведнік не абавязкова павінен мець той самы род. Што-небудзь накшталт «пакінуцік» ці «безгаспадарнік» таксама можна разгледзець, бо гэта можа быць і хата (ж.р.), і завод (м.р.), і сховішча чаго-небудзь (н.р.), а абагулена — аб'ект, ён.
Мой вердыкт. Эквіваленту рускага слова «заброшка» ў беларускай мове на сёння (ліпень 2026 года) няма. Думаю, шукаю. Калі вынайду, то адпаведна дапоўню гэтую публікацыю.
© Сяргей Абрамовіч, 2026
