Калі, залатавіўшы ў якой-небудзь канторы нейкі свой інтарэс накшталт атрымання даведкі ці пастаноўкі на ўлік, я прамаўляў супрацоўніку, які мяне абслужыў, слова «дзякуй», на гэтую формулу ветлівасці суразмоўца рэагаваў імгненна ашклянелым позіркам і сцятымі вуснамі.
Развітваюся — як і ўсе выхаваныя людзі, адказваюць «да пабачэння» ці «ўсяго найлепшага», а дзякую — раптоўна нямеюць. Мабыць, баяцца, што дыялог «дзякуй — калі ласка», зафіксаваны мікрафонам з надпісам «Дзеля паляпшэння абслугоўвання вядзецца аўдыязапіс» або схаваным дзесьці жучком, будзе прышыты да справы як доказ таго, што мне па блаце зрабілі нейкую незаконную палёгку — задаволілі маю патрэбу без чаргі, не ўзялі грошай за платную паслугу і г.д.
Заўважыўшы такую заканамернасць, казаць службоўцам «дзякуй» я перастаў: толькі «да пабачэння» — каб не палохаць гаротнікаў.
© Сяргей Абрамовіч, 2026