20.07.2026

Што такое гіда

Націск — на «а»: гіда́. На ўсялякі выпадак засведчу існаванне гэтага слова, бо ў акадэмічным тлумачальным пяцітомніку такой лексемы не знайшоў, на прасторах інтэрнэту — таксама, а ў жывой народнай гаворцы чуў даўно — у дзяцінстве, у вёсцы Будка-Шыбенка Рэчыцкага раёна.

Калі хтосьці або штосьці выкліка́ла ў чалавека агіду, ён мог грэбліва выгукнуць: «Вой, гіда!» Слова абазначала брыдкую асобу, рэч або з'яву, а таксама перадавала эмоцыі, выкліканыя такой асобай, рэччу, з'яваю: «Вой, гіда!» — гэта і нехта гідкі (ён з'яўляецца гідою, ён — гіда), і пачуцці, якія ўзнікаюць, калі бачыш яго (гідка глядзець). Іначай кажучы, з пункту гледжання марфалогіі лексема «гіда» ў розных сітуацыях рабілася або назоўнікам, або словам катэгорыі стану.

Таксама прапаную вам паразважаць над тым, хто такія шангеры (яшчэ адно каларытнае — і загадкавае — слова з жывой, не кніжнай мовы).

© Сяргей Абрамовіч, 2026