Неяк мы, тры маладыя спецыялісты-педагогі — я і дзве дзяўчыны (сёння ўжо ні я, ні яны не маладыя), — перамывалі косці ўсялякаму свайму начальству, і калі адна суразмоўніца прыхільна адгукнулася пра тупога, самазакаханага і жорсткага фармаліста з райаддзела адукацыі, я здзіўлена і грэбліва прамовіў:
— Ён жа кар'ерыст!
Дзяўчына не менш здзіўлена вылупілася на мяне:
— Ну, так. І што?
— Як — што? Гэта агідна.
Здзіўленне адразу пакінула яе — каляжанка ўбачыла ўва мне ідэаліста, для якога каштоўныя паняцці «самапавага» і «чалавечая годнасць», і спачувальна-паблажліва, павучальна, упэўненая, што здымае з мяне ружовыя акуляры, абвясціла:
— Зразумей, кар'ерызм — гэта адзінае вартае сапраўднага мужчыны імкненне: у гэтым павінен быць сэнс яго жыцця — будаваць кар'еру, умацоўваць свой дабрабыт.
Відавочна, што яна ці то пераблытала мэтанакіраванага чалавека з кар'ерыстам, ці то свядома падмяніла адно паняцце іншым (ёй былі ўласцівыя пэўны цынізм і нігілізм, таму свядомая падмена верагодная, і гэтай самай прычынай я тлумачу яе сімпатыю да вышэйзгаданага адыёзнага тыпа з райаддзела).
Кар'ерыст — гэта або бязвольны падхалім, або бязлітасны драпежнік, або ў розных сітуацыях то той, то гэты: начальніку кланяецца, падначаленых і роўных паводле рангу калег гатовы прынесці ў ахвяру сваім інтарэсам, ідзе ім па галовах. Нават у тлумачальных слоўніках гэтае слова прыведзена з пазнакай накшталт «няўхвальнае».
Дзесьці ў часы маёй дыскусіі з паклонніцай беспрынцыпных служакаў мне трапіла на вочы ў кнігарні якаясьці «Настольная кніга кар'ерыста». На вокладцы была выява драбін, па іх падымаўся малады чалавек у дзелавым касцюме. Я гартануў выданне і знайшоў усярэдзіне банальныя парады кшталту «дакладна плануйце дзень і строга трымайцеся плана», «будзьце пунктуальным», «дбайце пра свой знешні выгляд» і г.д. — карацей, кніга з'яўлялася фактычна дапаможнікам па тым, як зрабіцца дысцыплінаваным і эфектыўным, а слова «кар'ерыст» у яе назве было ўжыта ў першапачаткова не ўласцівым яму значэнні і, хутчэй за ўсё, проста каб прыцягнуць увагу чытача.
Наданне слову «кар'ерыст» такога сэнсу, як у вышэйзгаданай кнізе, правамернае, аднак на цяперашнім этапе эвалюцыі мовы гэтая характарыстыка асобы (слова «кар'ерыст») па-ранейшаму мае выразнае адценне асуджэння і ўспрымаецца найперш як негатыўна афарбаваная, зараджаная асуджэннем, таму абазначэнне праз яе дзелавога, толковага чалавека, які ведае чаго хоча, нетыповае.
Іншымі словамі, кар'ерызм — гэта блага. Ганьба кар'ерыстам!
© Сяргей Абрамовіч, 2026