Упершыню ў жыцці я пабачыў такі транспартны сродак напрыканцы 80-х, калі вучыўся класе ў трэцім. Яны тады толькі пачалі з'яўляцца ў нашай вёсцы, і шмат хто не ведаў, як гэтая тэхніка завецца, — гаварылі апісальна, накшталт «трактар без кабіны з рулём як у матацыкла».
А пасля ўзнікла, распаўсюдзілася і прыжылося слова «пердунок», бо гук мотаблочнага матора выклікаў асацыяцыі з выхадам вантробнага газу (зрэшты, сучасныя рухавікі такіх машын не далёка адышлі ад колішніх — траскочуць аналагічна). Называлі нязвыклы транспарт пяшчотна-непрыстойным словам і дзеці, і дарослыя.
Да сёння, калі заходзіць гаворка пра мотаблок*, сачу за сваім маўленнем, каб не скочыў з языка народны заменнік машынабудаўнічага тэрміна.
_____
* Магчыма, камусьці хочацца пісаць гэтае слова праз «а»: «матаблок», як і «матацыкл», але слова «матацыкл» — выключэнне, у астатніх выпадках частка «мота» захоўвае літару «о» («мотаролер», «мотавоз», «мотаспорт» і інш.). Слова «мотаблок/матаблок» я не знайшоў ні ў якім з даступных мне акадэмічных слоўнікаў, выдадзеных да 2013 года ўключна (пазнейшых не маю), таму падпарадкоўваю яго правілу і пішу праз «о».
© Сяргей Абрамовіч, 2026

