16.08.2026

Спрэчка са штучным інтэлектам пра літаратурны сюжэт

Я забіў у пошукавік, што за карціна «Першы мірны дзень», пра якую ідзе гаворка ў апавяданні Яна Скрыгана «Прыкрасць». Штучнаінтэлектавы асістэнт сістэмы сказаў мне, што і карціна, і ўвесь сюжэт апавядання прыдуманыя: гэты тэкст, паводле версіі ШІ, сімвалізуе ў шырокім сэнсе, без прывязкі да канкрэтных падзей і асоб, падманлівасць першых уражанняў, даводзіць, што рамантычныя ўяўленні чалавека пра якую-небудзь з'яву часам не адпавядаюць суровай рэчаіснасці.

Я спытаў у асістэнта, з якіх крыніц вядома, што сюжэт выдуманы. Ён адказаў, што такіх крыніц няма, а вядома — з мастацкай структуры апавядання, і прывёў некалькі асаблівасцей тэксту, якія нібыта сведчаць пра фантазійна-роздумнае паходжанне твора.

Я запярэчыў: гэтыя прыклады могуць сведчыць, наадварот, пра рэальнасць выкладзеных пісьменнікам падзей. Напрыклад, Ян Скрыган не называе імя аўтара карціны, магчыма, не таму, што такога мастака, як кажа ШІ, не існуе, а з этычных меркаванняў або асцерагаючыся негатыўных для сябе наступстваў прававога характару — не раскрывае рэальную асобу без яе дазволу. Ці возьмем адсутнасць, паводле сцверджання ШІ, карціны з такой назвай у каталогах і рэестрах: таму і не значыцца нідзе, што, як вынікае з апісання Яна Скрыгана, вельмі недасканалая, спешна і неахайна напэцканая, — нікому не спатрэбілася, не мае каштоўнасці, у спісы не трапіла, бясслаўна знікла.

ШІ адказаў, што мае́ аргументы трапныя, важкія і грунтоўныя, але апавяданне ўсё роўна прыдуманае, бо... І далей ён прывёў некалькі контраргументаў, якія я не здолеў аспрэчыць з прычыны іх поўнай абстрактнасці, безнадзейнай аддаленасці ад апавядання: апанент аперыруе літаратуразнаўчымі і філасофскімі паняццямі ізалявана, безадносна да прадмета спрэчкі (распавядае, што такое сімвалізм, мастацкае абагульненне і г.д.).

Хто чытаў вышэйзгаданае апавяданне, як лічыце: гэта ўспаміны пісьменніка ці змадэляваная ім сітуацыя? (Стаўлю пытанне, а адказаць на яго не даю магчымасці: праз тэхнічныя асаблівасці гэтага блога пакінуць каментарый да публікацыі няма як. Выбачайце за гэтую незалежную ад мяне недарэчнасць.)

© Сяргей Абрамовіч, 2026