Закінутых будынкаў у маім (савецкім) дзяцінстве мы амаль не ведалі: усе прадпрыемствы працавалі, ва ўсіх дамах хтосьці жыў. Нават рускага слова «заброшка» (беларускага адпаведніка для яго я пакуль што не вынайшаў) не памятаю, пачуў ужо ў дарослым жыцці.
Толькі прыкладна ў сярэдзіне ўскраіннай вуліцы нашай вёскі была ненаселеная ўрослая ў зямлю і заглушаная кустамі хата. Выглядала для нас, дзяцей, вусцішна, увайсці ў яе мы баяліся, палохалі адно аднаго страшылкамі накшталт такіх, што ўсярэдзіне там вісельнік вісіць, смерць з касою жыве, нябожчык, з магілы вылазячы, прыходзіць туды і г.д. Але хацелі.
Аднойчы наважыліся — утраіх улезлі, не памятаю як, ці праз дзверы, ці акном. Нічога асаблівага не ўбачылі, запусценне і развал, аднак нас ахапіла паніка, і мы адразу ж, не паспеўшы агледзецца, кінуліся назад.
Пазней у канцы той вуліцы апусцела яшчэ адна сядзіба і ў хуткім часе была знесена, але не ў сувязі з чыёйсьці смерцю, а таму, што там павінна была пралегчы новая магістраль — М1/Е30 (па-мойму, Саюз на той момант распаўся). Мы, гуляючы па вёсцы незадоўга да гэтых падзей, пагутарылі з бабулькаю, што адзінока жыла ў асуджанай на знос хаце. Яна паскардзілася на неабходнасць пераязджаць у кватэру (менавіта такі варыянт ёй прапанавалі — жыллё ў пяціпавярховіку ў цэнтры вёскі).
А калі хата ўжо стаяла безгаспадарнаю, чакаючы бульдозера ці экскаватара, весніцы і дзверы насцеж, мы не засталіся да яе абыякавымі. Мімаходзь зазірнулі, палазілі ў нейкім ламарэндзі** і рыззі, знайшлі паўнапоўненую шкляную бутэльку аб'ёмам 0,7 літра з надпісам «Шкіпінар» (менавіта так было напісана — на мове), вылілі змесціва на старую целагрэйку і падпалілі, прама ў памяшканні. Дачакаліся, пакуль агонь патух, і пайшлі, іншых забаў не прыдумаўшы.
Яшчэ праз некаторы час ад хаты не засталося следу. Цяпер там ужо шмат гадоў шуміць міжнародная траса.
Пераступіўшы саракагадовую мяжу, я, так складваліся абставіны, раптоўна набыў не тое што багаты, але больш-менш важкі сталкерскі досвед — за нядоўгі перыяд аблазіў некалькі закінутых прамысловых аб'ектаў і вясковых хат. Ёсць у гэтым пэўная рамантыка і эстэтыка. Але з дамешкам тугі і грэблівасці: шкада і гідка.
© Сяргей Абрамовіч, 2026
_____
* Пра значэнне слова «гіда» чытайце тут.
** Ламачча, хлам, старыя (ненадзейныя, непрыдатныя да выкарыстання) рэчы. Слова з лексікону Сакрата Яновіча (беларускі пісьменнік, гады жыцця: 1936 — 2013).

