12.10.2026

Размахнулася банальнасць на газетны разварот

Разварот «ЛіМа»

Прачытаўшы ў «ЛіМе» за 09.10.2026 старонкі «Паэзія» і «Проза» (8-я і 9-я адпаведна, разварот), я зажурыўся: няўжо наша сучасная літаратура такая бедная, бясколерная, безнадзейная, што друкаваны орган Саюза пісьменнікаў не мае чым годна прэзентаваць яе лірычны і эпічны (вершавальніцкі і апавядальніцкі) кампаненты?

***

Ці знойдзецца чалавек, які не супраць, каб яго спалілі жыўцом (акрамя старажытных індусак, вядома ж)? Напрыклад, падчас Другой сусветнай хто-небудзь пайшоў у нацысцкі крэматорый без пачуцця пратэсту і спадзявання на ратунак? Алена Разумоўская ў вершы «Хатынская трагедыя» даводзіць, што жыхароў гэтай вёскі знішчылі менавіта супраць іх волі:

Нясцерпны жах пабачыў свет —
Людзей палілі пад прымусам.

Гэта сенсацыя, праўда? Адкрыццё невядомай старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: людзей, аказваецца, не проста спалілі, а змусілі быць знішчанымі агнём! Людзі не хацелі гэтага! Калі б іх не прымусілі, то ўсе засталіся б жывымі, вось у чым сакрэт!

«Людзей палілі пад прымусам» — бадай, самы банальны радок гэтага верша. Астатнія таксама не вызначаюцца арыгінальнасцю, не ўражваюць мастацкай выразнасцю і дасканаласцю. Чытаючы гэты шасцістрофны твор, зноў і зноў спатыкаешся то аб цяжкавымоўную слоўную канструкцыю, то аб наіўны, прымітыўны вобраз, па-шкалярску змайстраваны хутчэй дзеля рыфмы, чым дзеля выказвання ідэі і перадачы эмоцый.

О, божухна! Дзе ж той сякач,
Каб катаў высек прэч паганых?

Сякач тут яўна прысутнічае таму, што добра рыфмуецца са словам «плач» з папярэдніх радкоў. А прэч можна толькі пайсці або кагосьці выгнаць, у той час як высекчы — да апошняга, дазвання, дарэшты, бязлітасна, без шкадавання, рашуча і шмат як яшчэ, толькі не прэч.

Ад карнікаў пякучы след
Баліць жывым усім беларусам.

«Усім» дзеля захавання памеру ў дадзеным выпадку даводзіцца агучваць як «ўсім», але «ў» пасля зычнага гуку вымаўляецца цяжка, у выніку адбываецца збой рытму.

Маліся, свечку запалі
За тых загінулых раптоўна.

Раптоўнаю гібель хатынцаў не назавеш: людзей сабралі з усёй вескі, загналі ў будынак, зачынілі, запалілі... І чаму іх трэба памінаць менавіта паводле хрысціянскіх звычаяў? Я, напрыклад, атэіст (дарэчы, спаленыя хатынцы жылі ў эпоху ваяўнічага атэізму), а хто-небудзь мусульманін, ці іудзей, ці будыст — пакладзём кветкі да помніка, ушануем памяць ахвяр хвілінаю маўчання. Дзякуй богу, артыкул 31 Канстытуцыі Беларусі дае нам права выбару, якую рэлігію вызнаваць і ці вызнаваць яе ўвогуле.

Рыфмы «боль — столь», «сабачы — гарачы», «рвуць — ідуць», «грудзі — людзі», напэўна, не трэба і каменціраваць, у літаратуразнаўстве такія завуцца граматычнымі (зарыфмаваныя словы адной часціны мовы ў аднолькавай граматычнай форме) і часцей за ўсё ацэньваюцца як заганныя (выпадкі, калі граматычная рыфма выглядае дарэчнаю, удалаю, рэдкія).

Словам, верш «Хатынская трагедыя» Алены Разумоўскай безнадзейна вучнёўскі (хаця аўтар, мяркуючы па фотаздымку, узростам пенсіянер). Магчыма, гэты твор напісаны дзеля нейкай патрэбы (напрыклад, неабходна было дзесьці публічна выступіць на патрыятычную тэму), або аўтар, уражаны экскурсіяй у Хатынь, палічыў сваім маральным абавязкам увекавечыць гэтае мерапрыемства ў сваёй творчасці і вымучыў такія радкі.

Я ўпершыню пабываў у Хатыні пяцікласнікам і па выніках паездкі таксама сплёў, як мог, нейкую жалю вартую рыфмаванку. У школе нам тады задалі пісаць сачыненне пра тую экскурсію, і я захацеў зрабіць гэта вершам. Пісаў старанна, шчыра, бо трагедыя вёскі мяне вельмі ўзрушыла, але вынікі гэтага шчыравання, як і трэба чакаць ад пяцікласніка, атрымаліся, мякка кажучы, не надта дасканалыя:

Мы з класам ездзілі ў Хатынь.
Прыехалі туды —
Чорнае ўсё, нібы дым,
Ля помнікаў цвяты
[ведаю, што кветкі, а тады не ведаў].

Нас першым помнік сустракае
Іосіфу Камінскаму.
Сына каваль у руках трымае
[Апошняга радка гэтай страфы не памятаю.]

Калі ж дадому я прыехаў,
У мяне ў вушах гуло
Званоў хатынскіх рэха
І ўсё, у Хатыні што было.

Гэта плён паэтычных практыкаванняў 11-12-гадовага хлапчука. Памножце мастацкі ўзровень гэтага опуса на ўзровень, адпаведны гадам Алены Разумоўскай, — і атрымаецца яе верш «Хатынская трагедыя», лепшы за мой дзіцячы, але ў пераліку на ўзрост — такі самы, калі не слабейшы.

***

Верш Уладзіміра Зязюліна «Успамін» — гэта сентыментальны позірк аўтара на пражытыя гады. Для яго, напэўна, гэтыя сем строф поўныя эмоцый і фарбаў, бо вобразы дзяцінства і юнацтва дарагія кожнаму чалавеку (калі толькі адпаведныя перыяды яго жыцця не знявечаныя вайною, сіроцтвам, алкагалізмам бацькоў ці іншым ліхам). Але ці ўражваюць чытача радкі, якімі паэт малюе гэтыя вобразы?

Можна перажываць моцныя эмоцыі, паспрабаваць вербальна падзяліцца імі з кім-небудзь і не здолець пераканаўча выказаць гэтыя перажыванні — суразмоўца ніколі не даведаецца, што было ў вас у душы. На такога суб'екта, не здольнага падзяліцца эмоцыямі, падобен Уладзімір Зязюлін са сваім вершам «Успамін».

Паміж бярозак і ялін
жыцця майго лягла дарога.

Для Беларусі гэтыя дрэвы не экзатычныя, усе мы бачым іх з дзяцінства, таму ў дадзеным выпадку аўтар не арыгінальны, гэтая грань яго лёсу не ўнікальная.

Пайшоў туды, дзе кветак пах,
дзе лес шуміць, дзе рэчка ўецца.

Таксама нічога новага.

І як камбайны па жніву,
бы караблі плывуць па моры,
а я за імі ўслед бягу —
як песня іх гучаць маторы.

Параўнанне камбайнаў з караблямі і гулу матораў з песняю здзіўляе, але не свежасцю і сілаю эмацыянальнага ўздзеяння, а, вядома ж, банальнасцю: пяра сучаснага паэта гэткі прыём не варты, бо такое параўнанне ўжо хто толькі ні жаваў, ні цягаў, ні мусоліў. Вось вам, напрыклад, талачынская раёнка (газета «Наша Талачыншчына») за 12.08.2026, на трэцяй старонцы — рэпартаж са жніўнага поля (інтэрнэт-копія публікацыі — тут), а ў ім — і пра караблі, і пра музыку: «Шесть стальных гигантов выстроились на кромке загонки перед бескрайним золотым морем ржи, словно корабли перед выходом в открытый океан», «‟Рожь у нас тут, в Соколино, в этом году просто шикарная — идет по 43 — 45 центнеров с гектара! — перекрикивая рабочий гул агрегатов, с гордостью рассказывает Николай. — А знаешь, деточка, что самое главное в нашей работе? Музыкальный слух!” ‟Слух?!” — искренне удивляюсь я, переспрашивая через шум. ‟А как же иначе! Ну, нужно на слух чувствовать, как ‟поет” твоя машина. Если все идет строго по технологии и штатно, комбайн ровно, басовито гудит, как сытый кот. Но стоит тону хоть немного измениться или появиться малейшему постороннему стуку — все, замирай, глуши двигатель и ищи причину”».

З улікам вышэйпрыведзеных і іншых (пакінутых за рамкамі разгляду) асаблівасцей верша раблю выснову, што «Успамін» Уладзіміра Зязюліна значны толькі для яго самога, эмоцыі, з якімі аўтар азіраецца на пройдзеную частку зямнога шляху, чытачу праз гэты твор не перадаліся.

***

І яшчэ на паэтычнай старонцы змешчаны сем вершаў Міхася Башлакова (вышэйзгаданых аўтараў — толькі па адным). Роздумныя, сузіральныя, сумныя, маркотныя, з моцным матывам тугі ад усведамлення незваротнасці часу: «Не вярнуць анішто...», «Усё знікае ў суцемках тых дзён», «Апошнія дні летнія знікаюць...». Двойчы скрозь гэтую маркоту прабіваецца кволы намёк на бадзёрасць і дзейснасць: «Твары́, бо ты паэт!..», «Тварыць, штодня тварыць», — гэтымі радкамі аўтар нібыта заклікае, падахвочвае сам сябе, дае сабе такі сродак ад журбы — забыцца на яе, захапіўшыся творчасцю (рэцэпт, праўда, зусім не новы, агульнавядомы пастулат псіхалогіі і проста жыццёвай мудрасці: дзейнасць адцягвае ад змрочных думак, таму арыгінальнасці вершам такія заклікі не надаюць).

Як і ў выпадку з «Успамінам» Уладзіміра Зязюліна, эмоцыі Міхася Башлакова перададзены не заўсёды пераканаўча, не заражаюць. Аўтар рупіцца, намагаецца стварыць вобразы, а не проста канстатаваць, што яму сумна, але вобразы атрымліваюцца не надта яскравыя, не свежыя, без навізны. Напрыклад, банальны прыём — паралелізм з паказам суму праз згадванне лістападу:

Я стаю і з самотай гляджу,
Як на сцежку лісты ападаюць...

А часам аўтар нават дазваляе сабе голую канстатацыю свайго псіхалагічнага стану: «І на душы балюча і самотна...», «Раней душа мне гэтак не балела», «З самотай разумею, што тых сяброў даўно няма».

Цяжказразумелы, сумніўны вобраз «І шум бяроз, як нейкі дзіўны звон...». Ці могуць ад дрэваў сыходзіць гукі такога кшталту — нібыта спароджаныя металічнымі прадметамі? Я такіх ніколі не чуў. Вецер свісціць у голлі бяроз, і гэты свіст нагадвае звон струн? Ці не занадта складаная для паэзіі сэнсавая канструкцыя? У дасканалым вершы кожны радок павінен спрацоўваць імгненна і беспамылкова — адразу маляваць ва ўяўленні чытача з'яву, якую мае на ўвазе аўтар. Калі ж даводзіцца ламаць над ім галаву, выбудоўваць тэорыю, шукаць тлумачэнні, то гэта не паэзія, а рамесніцтва, механічнае перабіранне слоў і падгонка іх пад рыфму.

***

Празаічную старонку ў гэтым «ЛіМе» адвялі пад эсэ Мацвея Лішына «Вясна і восень жыцця».

Аўтар — педагог (пра гэта ён сам гаворыць у тэксце), таму нядзіўна, што твор пабудаваны на развагах пра феномен дзяцінства і даросласці, пра іх адрозненні, узаемадзеянне, канфлікты. Развагі пераважна беззмястоўныя і наіўныя, няма ні праблемы, ні ідэі, канстатацыя агульнавядомых фактаў: «Вясна скончыла свой палёт, а гэта значыць, што наперадзе доўгачаканае лета», «Дзяцінства ў чалавека адно. А маладосць? Несумненна», «У сучаснага маладога пакалення шмат чаму можна павучыцца, і так было заўсёды. Канешне, цяжкасці ёсць, але калі іх не было?», «Знешне мы можам змяніцца да непазнавальнасці. Нават самыя блізкія не адразу ўбачаць, хто стаіць насупраць».

Аўтар слаба валодае словам, сустракаюцца ў яго думкі, сфармуляваныя вельмі ўжо няўклюдна, як у сачыненні школьніка: «Дзіцячае і падлеткавае ўспрыманне рэчаіснасці ўвогуле вельмі цікавы бок медаля» (існуе фразеалагізм «адваротны бок медаля», яго ўжываюць, калі хочуць паказаць негатыўныя з'явы, якія спадарожнічаюць станоўчым, а Мацвей Лішын у дадзеным выпадку вядзе гаворку пра дзіцячую і падлеткавую псіхалогію саму па сабе, яна не можа быць станоўчай ці адмоўнай праяваю чагосьці, таму замест недарэчнага тут словазлучэння «бок медаля» адпаведным сітуацыі выглядаў бы назоўнік «з'ява», або ўжыты мною вышэй «феномен», або якая-небудзь канструкцыя накшталт «этап развіцця светапогляду чалавека»), «адметнасць, да якой рупліва імкнешся» (імкнуцца можна настойліва, а рупліва — рабіць штосьці больш канкрэтнае, матэрыяльнае: працаваць, вырабляць што-небудзь).

Кульгае і граматыка. Словы «цяче», «знойдем», «з далягляда» выклікаюць падазрэнне, што аўтар пісаў на рускай мове і пасля перакладаў (ці сам, ці хтосьці для яго), цярпліва націскаючы клавішы камп'ютара ў рэжыме замяшчэння (калі кожная набраная літара знішчае тую, на змену якой прыйшла), бо пераблытаць «э» і «е», раскіданыя ў розных зонах клавіятуры, трэба пастарацца, а канчатак у слове «далягляда» нібыта застаўся праз няўважлівасць ад рускага «горизонта». Сказ «Прачытаўшы некалькі разоў выкладзеныя вышэй разважанні, штосьці падказала мне, што трэба падвесці вынік» — яскравы прыклад аўтарскай моўнай глухаты або гультайства — нежадання дбайна папрацаваць над тэкстам, адшліфаваць каструбаватую фармуліроўку (зыходзячы з логікі дзеепрыслоўнага звароту атрымліваецца, што не аўтар, а нейкае загадкавае «штосьці» прачытала яго развагі і падказала яму, што трэба пераходзіць да падвядзення вынікаў).

Выснова з эсэ, якую аўтар чамусьці называе прысудам, — вяршыня... не, дно — дно банальнасці: «Прысуд можа быць толькі адзін: любіце жыццё, і яно, безумоўна, аддзячыць вам той жа манетай» (гэта апошнія радкі твора). У духу тэорыі пазітыўнага мыслення: думайце пра добрае, і ўсё будзе складвацца добра, бо думкі маюць уласцівасць матэрыялізавацца.

Можа, мне паспрабаваць думаць з аптымізмам пра сучасную айчынную літаратуру — глядзіш, пачнуць часцей з'яўляцца і трапляць на старонкі «ЛіМа» якасныя творы?

© Сяргей Абрамовіч, 2026

_____

Іншыя мае публікацыі літаратуразнаўчага характару — у рубрыцы «Крытыка».