На самаробнай поліэтыленавай абгортцы купленага ў студэнцкія гады філасофскага слоўніка (я тады часта засцерагаў свае кнігі такім чынам ад пэцкання і драпання, калі пазычаў іх каму-небудзь або цягаў на заняткі) убачыў невялічкую, прымітыўна, схематычна намаляваную сіняй шарыкавай асадкаю незразумелую круглую істоту з усмешкай і гулліва, танцавальна раскінутымі ручкамі ды ножкамі — ці то кветка рамонкападобная, ці то аблачынка.
Сёння гэта назвалі б смайлікам або эмодзы, але слоўнік я прыдбаў у канцы дзевяностых, калі ў маім асяроддзі пра інтэрнэт мала хто толкам ведаў, і камп'ютарам не кожны мог карыстацца (я, напрыклад, курсавыя і дыпломную ад рукі напісаў), і мабільныя тэлефоны мы бачылі толькі па тэлевізары ды зрэдзьчасу ў якога-небудзь багата апранутага мінака. Фігурка на абгортцы з'явілася менавіта тады, намаляваць яе пазней ніхто не мог: пасля заканчэння мною ўніверсітэта слоўнік ляжаў мёртвым грузам.
У рысах кветкі-аблачынкі адчувалася дзявочая рука: лёгкасць, жаноцкасць і юнацтва. Здзіўлена зірнуўшы — «о, смайлік... Не, які можа быць смайлік дваццаць гадоў таму?..», — адчуў у грудзях нейкае млоснае ныццё, стала расплывацца ў іх без відавочнай прычыны туга. Па кім ці па чым? І раптам — успышка: вось хто намаляваў!
На два гады маладзейшая за мяне дзяўчына і наша сустрэча, падчас якой яна пакінула мне такі своеасаблівы аўтограф, былі надзейна схаваныя таўсценным пластом часу, не вярэдзілі мяне: мабыць, нервовая сістэма дэактывавала вобразы, ад якіх толькі боль і да прататыпаў якіх няма вяртання. Калі б цяпер, корпаючыся ў старых кнігах на бацькоўскім лецішчы, не натрапіў на слоўнік, дык і надалей заставаліся б вабнае аблічча і салодкі з аксамітным адценнем голас дзяўчыны далёка-глыбока ў нетрах забыцця і не зашчымела б сэрца.
Мы сядзелі ўдваіх у маім інтэрнацкім пакоі цёмным зімовым вечарам бокам да стала тварам да твару, пілі гарбату і елі яблыкі. Дзяўчына між іншым крэмзала што-небудзь на ўсялякіх паперках: кнігі, газеты, канцылярскія рэчы, посуд, харчы — на стале ўсё перамяшалася, студэнцкі бардак, які мы з прэтэнзіяй на досціп называлі творчым беспарадкам. У нейкі момант рука суразмоўніцы з асадкаю пераскочыла на слоўнік, а праз імгненне вярнулася на паперкі.
І тут знікла электрычнасць. Ва ўсім квартале: з вуліцы не азваўся бляскам ніводзін ліхтар, ніводнае акно. І нябёсы былі хмурныя, таму мы апынуліся ў сапраўднай, амаль поўнай, выкалі вока, цемры.
Зніякавела заціхлі. Сёння я ўпэўнены (эх, калі б маладосць ведала, эх, калі б старасць магла!), што дзяўчына была гатовая да маіх абдымкаў і пацалункаў — такі зручны збег абставін, каб даць волю пачуццям, якія даўно выспявалі ў ёй і мне, — але я, на тым этапе жыцця лепшы знаўца рэжыму працы ўсіх бібліятэк горада, чым душэўнай арганізацыі супрацьлеглага полу, вобмацкам палез у тумбачку па ліхтарык — мой гонар, самаробны, няхай пабачыць, на што я здольны, які майстар.
Для мяне гэта быў апошні курс, і праз колькі месяцаў я, адчуваючы ў кішэні пінжака за пазухай толькі што ўрачыста ўручаны мне дыплом, самотна рушыў у невядомасць.
© Сяргей Абрамовіч, 2026