З 2027 года «ЛіМ» стане дадаткам да «Звязды». Гэта паведаміла само літаратурнае выданне 30.10.2026 са спасылкай на міністра інфармацыі Дзмітрыя Жука — у нататцы пра яго сустрэчу са студэнтамі філфака БДУ.
Таксама, як вынікае з гэтага матэрыялу, Міністэрства інфармацыі разглядае мэтазгоднасць пераўтварэння штомесячных літаратурных часопісаў у штоквартальныя (найменні не згаданыя, але я мяркую, што гаворка ідзе пра «Маладосць» і «Полымя»).
Акрамя таго, міністр лічыць, што варта стварыць для кожнага часопіса сайт.
Лёс друкаваных выданняў мяне не турбуе: хоць і выходзяць яны з савецкіх часоў, і «ЛіМ» выпісваю, і папяровыя кнігі мне даспадобы, і алоўкам у нататніку ахвотна крамзолю, але прагрэс не спыніш. А вось ідэю наконт сайтаў вітаю — вядома ж, пры ўмове, што гэта будуць не аднастаронкавыя візітоўкі з заклікамі выпісваць друкаваную версію, а змястоўныя, жывыя рэсурсы, якія даюць яскравае ўяўленне пра літаратурны працэс у сучаснай Беларусі.
© Сяргей Абрамовіч, 2026