Магчыма, калісьці так ужо было (не памятаю, бо электроннымі версіямі друкаваных СМІ раней не цікавіўся), але на працягу апошніх года-двух PDF-варыянты «Маладосці», «Полымя» і «Нёмана» ў анлайн-сэрвісах па афармленні падпіскі дакладна адсутнічалі: я перыядычна зазіраў, спадзяваўся, што з'явяцца, і кожны раз спадзяванні заставаліся няспраўджанымі, выпісаць у электроннай форме можна было толькі «ЛіМ».
І вось нарэшце магчымасць падпіскі на электронныя версіі ёсць. Па стане на 19.11.2026 на сайце belpressa.by можна выпісаць вышэйзгаданыя СМІ ў фармаце PDF пачынаючы з нумароў за студзень 2027 года (анлайн-бланк для афармлення падпіскі неабходна адкрываць праз банер газеты «Звязда»: і яе, і часопісы, і «ЛіМ» выдае адна юрыдычная асоба). Гэтая магчымасць дадзена падпісчыкам зусім нядаўна: я цікавіўся ў кастрычніку — яшчэ не было.
![]() |
| Скрыншот сайта belpressa.by ад 19.11.2026: падпіска на электронныя версіі «ЛіМа», «Маладосці» і «Полымя» на першы квартал 2027 года абыдзецца ў 54 р. 90 к. (калі выбраць адразу тры выданні). |
Чытаць друкаваную версію, вядома ж, зручней, але дастаўка электроннай больш надзейная: калі праз недагляд якога-небудзь паштовага работніка мне не прынясуць газету, я назаўтра пайду на пошту — і мой згублены экзэмпляр па гарачых слядах знойдуць, а дата выхаду часопіса невядомая, таму неданос яго да маёй паштовай скрынкі выявіць аператыўна немагчыма, незразумела, што рабіць — ці то бліжэй да канца месяца ісці на пошту разбірацца, ці то чакаць, можа, выпуск яшчэ не надрукаваны.
Да таго ж электронная версія дае значную эканомію: параўнайце вышэй- і ніжэйпрыведзены скрыншоты.
![]() |
| Скрыншот сайта belpressa.by ад 19.11.2026: падпіска на друкаваныя версіі «ЛіМа», «Маладосці» і «Полымя» на першы квартал 2027 года абыдзецца ў 143 р. 73 к. (калі выбраць адразу тры выданні). |
© Сяргей Абрамовіч, 2026

