Бачу перадумовы для паспяховага ажыццяўлення гэтай прыемнай і карыснай аперацыі і спадзяюся неўзабаве стаць яе відавочцам. Спадзяванні мае грунтуюцца на выказваннях міністра інфармацыі, што прагучалі падчас яго сустрэчы з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў Беларусі 10.11.2026.
Як паведаміў 13.11.2026 «ЛіМ», Дзмітрый Жук у кантэксце гаворкі пра неабходнасць папулярызацыі беларускай літаратуры «[...] узняў пытанне і яе якасці». Пастаноўка гэтага пытання цалкам заканамерная, бо прапагандаваць пад выглядам прыгожага пісьменства бездапаможнае шкалярства і безнадзейнае рамесніцтва — задумка марная. А шкалярства і рамесніцтва ў беларускім літаратурным асяроддзі сёння зашмат.
Сімптаматычна ў гэтым сэнсе, што нават аўтар лімаўскай нататкі пра вышэйзгаданую сустрэчу, член Саюза пісьменнікаў, выкладае свае думкі як мінімум у адным месцы зусім не беззаганна: «Міністр акцэнтаваў увагу на павышэнні ўзроўню і прывабнасці літаратурнага слова». З такой фармуліроўкі вынікае, што пісьменнікі далі рады пісаць лепей, чым пісалі раней, і міністр адзначыў гэтую станоўчую з'яву. Тым часам канстатаваў ён не рост якасці літаратуры, а, наадварот, недацягванне, пра што сведчыць і кантэкст, у якім паднесены дадзены тэзіс, і прыведзеная далей вось гэтая рэпліка Дзмітрыя Жука: «Калі чытаеш верш — і ён не выклікае ніякіх эмоцый, гэта, пэўна, не зусім паэзія».
Красамоўна гучаць (як доказ таго, што гаворка ідзе не пра вартасці, а пра хібы літаратараў) і словы старшыні Саюза пісьменнікаў Алеся Карлюкевіча, якімі ён падводзіў вынікі мерапрыемства: «Між тым на нашай сустрэчы ўзняты праблемы, якія існуюць. І іх трэба вырашаць, бо ад гэтага вырашэння залежаць адносіны творчых людзей з грамадствам [...]».
Дарэчы, праблему нізкай якасці беларускай мастацкай літаратуры міністр інфармацыі канстатаваў (вельмі дыпламатычна, мякка) і раней — у кастрычніку, падчас сустрэчы са студэнтамі філфака БДУ (Мінск), дзе, гаворчы пра напаўненне сучасных айчынных літаратурных часопісаў, падзяліўся вось якім жаданнем: «І я хацеў бы, каб там была большая ‟селекцыя”» (гл. «ЛіМ» за 30.10.2026).
Праблема наспела даўно, нарыў патрэбна ўскрываць. Пра слабыя, графаманскія тэксты, нядбайна падрыхтаваныя да друку, я пісаў не аднойчы. Згадайце мае артыкулы «Салдаты ў генеральскіх мундзірах», «Расчараваны дзвюма Маргарытамі», «Спадзяваўся на шоўк, атрымаў наждачку», «Пісьменнік, зразумела, не акуліст, але ж і чытач не дурань», «Размахнулася банальнасць на газетны разварот» і іншыя (шукайце пад тэгам «крытыка» або гугліце).
Вядома ж, словы міністра не ператвораць графаманаў у геніяў, няздары застануцца няздарамі, колькі б іх ні ўгаворвалі, ні ўшчувалі і ні павучалі міністры, акадэмікі ці яшчэ якія шаноўныя персоны. Але я маю спадзяванне на тое, што цяпер хаця б сапраўды ўзмоцніцца згаданы Дзмітрыем Жукам адбор. Неабходна проста перакрыць дарогу да дзяржаўных СМІ і выдавецтваў тым, хто не мае чаго сказаць чытачу, хто не здольны ўзбагаціць унутраны свет сучасніка, падзяліўшыся скарбамі свайго, бо дзяліцца няма чым.
Няхай лепш часопісы выходзяць радзей (на вышэйзгаданай сустрэчы са студэнтамі міністр паведаміў пра ідэю міністэрства зрабіць штомесячнікі штоквартальнікамі), і кніг няхай будзе меней (сучасны чалавек усё роўна перагружаны інфармацыяй) — затое чытаць іх будзем захоплена, з асалодай, а не з прыкрасцю і злосцю (я заўсёды абураюся, калі кніжка нікчэмная зместам і нягеглая формаю — банальная, стылёва няўклюдная, стракаціць граматычнымі памылкамі: на што пайшлі дзяржаўныя грошы?!).
Якасная і сацыяльна значная, каштоўная мастацкая літаратура — гэта не масавая прадукцыя, якую штодня раскупліваюць разам з хлебам і малаком, а эксклюзіў. Празаікі і паэты — рэдкія асобы, а не кожны, каму закарцела праславіцца ці заманулася паспытаць лёгкага, на яго думку, хлеба, паспрабаваць няпыльнага заробку за камп'ютарным сталом.
© Сяргей Абрамовіч, 2026